ДАІ Мінскай вобласці атрымала новыя матацыклы BMW
14 верасня ДАІ Мінскай вобласці атрымала ў сваё распараджэнне тры новыя матацыклы BMW F800GS, піша onliner.by. У ДАІ кажуць, што інспектары на гэтай тэхніцы будуць арыентавацца на працу з матацыклістамі.
Матацыклы BMW F800GS маюць 2-цыліндравыя інжэктарныя рухавікі Rotax аб'ёмам 798 куб. см. Магутнасць — 85 конскіх сілаў.
Апробаваць у справе новыя матацыклы інспектары змогуць ужо 16 верасня. На гэтых матацыклах яны будуць забяспечваць бяспеку дарожнага руху падчас міжнароднага фестывалю H.O.G. Rally Minsk 2017. Раней паведамлялася, што ў першай палове дня калона байкераў збярэцца каля Кургана Славы, а потым у суправаджэнні ДАІ прыедзе ў Мінск да Палаца спорту на праспекце Пераможцаў.
Звесткі пра куплю новых матацыклаў для мінскай ДАІ былі агучаныя на пачатку ліпеня. Тады гаварылася, што плануецца купіць 28 матацыклаў BMW і стварыць асобнае матацыклетнае падраздзяленне. Як паведамляла раней Еўрарадыё, на гэтыя мэты вылучалася 500 тысяч долараў.