ДАІ забірае правы ў хлопца, які кажа, што не ехаў на машыне
Па версіі Дзяржаўтаінспекцыі аўтааматар кіраваў у нецвярозым стане, хоць запіс з міліцэйскага відэарэгістратара знік. Яго не палічылі важным доказам.
“Мы сядзелі ў машыне і піва пілі. У Мінску па вуліцы Несцерава ўздоўж дарогі. Ключы ад машыны і дакументы я пакінуў дома. Машына з месца не рухалася, а ў мяне на тры гады забіраюць правы”, ― распавядае сваю аўтамабільную гісторыю Уладзімір Макарэвіч, вадзіцель пагрузчыка, які прыехаў працаваць у сталіцу з Жыткавіцкага раёна.
Еўрарадыё: Дык чаму ў машыне піва пілі? Ці расказвайце дакладна, ці не расказвайце зусім.
Уладзімір Макарэвіч: На вуліцы як бы нельга ― грамадскае месца. А дома людзі спалі, час быў позні, каля першай ночы. Ключ ад машыны і дакументы наўмысна пакінуў у кватэры. Быў толькі ключ ад дзвярэй, як гэта прадугледжана ў “Жыгулях”. Так у машыне сядзелі я, дзяўчына і два сябры. Усе ― мае землякі. Было каля першай ночы. Тут пад’ехала машына ДАІ, з мігалкамі. Нас выцягнулі за рукі, адразу ўсё ператрэслі: зазіралі ў бардачок, пад дыванкі, у багажнік. Абшукалі ўсіх людзей. Але мяне ўсё адно павезлі на экспертызу, паказала каля 0,8 праміле. Яно зразумела: я выпіў каля літра піва, можа, паўтара.
Тая самая "Жыгулі", унутры якой маладыя людзі пілі піва
Пасля павезлі ў РУУС Заводскага раёна, сказалі: “Пераначуеш там”. Яны мне па дарозе сцвярджалі: “Ты ехаў за рулём п’яны”. Я казаў, што ехаць не ехаў. Машына была заглушаная, матор халодны, ключоў нават не было.
Давалі па дарозе падпісваць пратакол, сказалі: “Не бойся, будзе не больш за 50 тысяч штрафу”. Я папрасіў, каб уключылі святло, а ў тым пратаколе было напісана, што я ў стане алкагольнага ап’янення рухаўся па такой-та вуліцы. Я сказаў, што падпісваць не буду, яны раззлаваліся. Завялі ў будынак РУУС. Сказалі, што будзе дрэнна. Тады я папрасіўся ў туалет, адказалі: “Сходзіш пад сябе”.
Але ў РУУС мяне не пакінулі: прыехалі мае сябры на таксі і пачалі пісаць скаргу, аддалі ў дзяжурную часць, каб зарэгістравалі. Але ці зарэгістравалі яе, мы не ведаем. Ім нехта сказаў, што ідзе начальнік. Дзяжурны нейкі ўзяў дакумент, які яны напісалі, і сказаў на даішнікаў: “Маліцеся”.
Еўрарадыё: Што было далей?
Уладзімір Макарэвіч: Мяне вывелі на двор. Таксісту сказалі, што будуць праблемы, калі за імі паедзе. Той адмовіўся вазіць маіх сяброў. Мяне ж даставілі назад на Несцерава да “Жыгулёў”, выклікалі эвакуатар, машыну пацягнулі на штрафстаянку. Усялякімі словамі казалі, што можаш развітацца з правамі і машыну не пабачыш. Я сядзеў і маўчаў, спужаўся, бо ў такіх сітуацыях ніколі не бываў. На мяне яшчэ казалі: “Як партызан, сядзіш маўчыш, нам такія патрэбны”.
На штрафстаянцы спыталіся, ці буду нешта з машыны забіраць. Пазней адвезлі ў раён агародніннай базы, што за МКАДам, і высадзілі. Пры гэтым не пакінулі ніякіх папер, ніякіх копій. Ні нумара, куды звяртацца, ні дадзеных сваіх. Запомніў я толькі тое, што нумар на міліцэйскай машыне быў 675.
За штрафстаянку я заплаціў 210 тысяч і плюс 750 за эвакуатар.
ДАІ: “Запіс на відэарэгістратары не захаваўся, ключы не знайшлі, галоўны доказ ― сведчанні супрацоўнікаў ДАІ”
Расповед Уладзіміра Макарэвіча выглядае неадназначным. Быў шэраг выпадкаў, калі аўтааматары пасля залёту наўмысна скардзіліся на супрацоўнікаў ДАІ і давалі непраўдзівыя звесткі.
Хоць высветліць усю праўду сёння, здавалас б, проста. На машынах Дзяржаўтаінспекцыі ўсталяваны відэарэгістратары, таму даводзіць вінаватасць п’яных кіроўцаў стала яшчэ больш элементарна. Калі ёсць відэа таго, як Уладзімір Макарэвіч кіруе машынай перад затрыманнем, то і пытанне па яго вінаватасці адназначнае.
Таму цікавімся ў міліцыі выпадкам з удзелам гэтага кіроўцы. Нас звязваюць з начальнікам ДАІ Заводскага раёна Віталём Ліштванам.
“Усё проста, кіраваў ён машынай у нецвярозым стане, і два мае супрацоўнікі затрымалі яго. У яго быў рэзкі пах алкаголю з ротавай поласці, яго павезлі на медыцынскі агляд, ― кажа начальнік ДАІ. ― Паказала алкагольнае ап’яненне. Яны аформілі яго. Звычайны матэрыял. А тое, што ён не згодны, дык кожны пяты ― не згодны. Падчас гутаркі ён прасіў яго не афармляць, бо працуе на пагрузчыку, і страта пасведчання кіроўцы пацягне за сабой страту працы”.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, калі ён нецвярозым кіраваў машынай, то зараз на штрафстаянцы ёсць ключы ад “Жыгулёў”.
Віталь Ліштван: “Ключы, па-першае, можна выкінуць, можна схаваць. Па-другое, тэрмін “кіраванне” мае на ўвазе змяненне першапачатковага становішча аўтамабіля, шляхам уздзеяння на рычагі кіравання. То бок, напрыклад, машына стаіць пад ухілам, кіроўца выціскае счапленне ― і машына пакацілася. Гэта ёсць кіраванне. І ўжо трэба афармляць. Але ў дадзенай сітуацыі ён ехаў, развярнуўся і пад’ехаў да двух хлопцаў і дзяўчыны, якія да яго селі. Усё адбывалася на вачах у інспектараў. Таму гаворка ідзе не пра 30 сантыметраў, калі вы пра гэта падумалі. А звярнуўшыся да вас, ён можа казаць усё што заўгодна”.
Просім Віталя Ліштвана пацікавіцца відэазапісам з рэгістратара, які б зафіксаваў кіраванне транспартным сродкам. Ператэлефаноўваем начальніку ДАІ праз некалькі гадзін.
Віталь Ліштван: У інспектараў запіс не захаваўся, на яго наклаўся іншы, бо ён пішацца па коле. Разумееце… На гэтай машыне і іншыя супрацоўнікі таксама працуюць. Падначаленыя мне патлумачылі, што ён быў з дзяўчынай. А два хлопцы хадзілі па спіртное. Яны былі нават не знаёмыя, а абы-хто. Ён папрасіў супрацоўнікаў, каб гэтых людзей вывелі з аўтамашыны. А ключы ён схаваў, і іх не змаглі знайсці. Яны адназначна бачылі, як ён кіраваў. Ён працуе на пагрузчыку і сказаў, што зробіць усё магчымае, каб яго не прыцягнулі да адказнасці, бо страціць працу.
Еўрарадыё: Віталь Аляксандравіч, а ўсё ж чаму не захаваўся відэазапіс? Новыя відэарэгістратары пішуць цягам працяглага часу. Новая тэхніка і патрэбна дзеля таго, каб відавочна давесці вінаватасць парушальніка.
Віталь Ліштван: У відэарэгістратары стаіць 16-гіговая флэшка. Яе хапае на восем гадзін працы, на адну змену супрацоўніку. На гэтай жа машыне замацаваны яшчэ два ці тры чалавекі. Тыя сітуацыі, якія інспектару неабходны, ― ён іх захоўвае. А калі нічога такога значнага не адбываецца, то запіс накладаецца, разумееце мяне…
Еўрарадыё: Віталь Аляксандравіч, у нас няма мэты апраўдаць гэтага вадзіцеля. Але няма ні ключоў, ні відэазапісу. На чым у дадзенай сітуацыі абгрунтавана яго вінаватасць? Толькі на версіі супрацоўнікаў ДАІ?
Віталь Ліштван: Сабранымі матэрыяламі. Вы зразумейце, што супрацоўнік не мае права скласці пратакол па нейкіх неабгрунтаваных довадах. І ў такіх сітуацыях інспектар павінен быць адназначна ўпэўненым, ён павінен бачыць усё сам альбо грунтавацца на нейкіх паказаннях сведак. У дадзеным выпадку гэтыя інспектары сведкамі і выступаюць. Ёсць пратакол апытання, дзе яны падпісваюцца і папярэджаны, што існуе адказнасць за дачу хлуслівых паказанняў. У матэрыялах усё гэта ёсць. То бок доказнай базы дастаткова. Калі не верыць супрацоўніку, то аспрэчыць можна ўсё што заўгодна. У мяне не ўзнікае ніякіх сумневаў. За 20 гадоў працы я не раз ужо сутыкаўся з грамадзянамі, якія спрабуюць сысці ад адказнасці ўсімі спосабамі. Для мяне тут сітуацыя адназначная, і гэты чалавек будзе пакараны.
Правы Уладзіміра Макарэвіча пакуль пры ім
Эксперт у галіне ПДР: “Калі аўтамабіль не рухаецца, то і кіравання няма”
Прааналізаваўшы абедзве версіі, звяртаемся да незалежнага эксперта ў галіне правілаў дарожнага руху Аляксандра Канапліцкага.
“Складана рабіць высновы, не пазнаёміўшыся з матэрыяламі. У кожнага свая праўда. Але па маім досведзе, такі выпадак для ДАІ ― стандартная сітуацыя. Раз ты п’еш у машыне ― ты кіраваў у нецвярозым стане. Хоць тут не ўсё так адназначна, ― аналізуе эксперт. ― Калі чалавек проста сядзеў у машыне і піў, не рухаўся, то яму пагражае толькі пратакол за распіцце спіртных напояў у грамадскім месцы. Яны маглі нават сядзець у заведзеным аўтамабілі і не рухацца з месца. Павінен быць факт кіравання, то бок перамяшчэння гэтага транспартнага сродку. А калі гэтага не было, то няважна, дзе сядзіць чалавек ― на пярэднім сядзенні, на заднім, на вадзіцельскім. Правілы дакладна трактуюць, што кіраванне ― гэта змена становішча транспартнага сродку адносна першапачатковага”.
Еўрарадыё: Ці часта ўзнікаюць такія спрэчныя сітуацыі?
Аляксандр Канапліцкі: На жаль, часта. Бывалі і такія цягамоціны. Чалавек прабіў кола, сябар паехаў па новае. Машына на дамкраце. Зіма, халодна, рухавік заведзены. А чалавек сядзіць у машыне і п’е. Пад’язджае ДАІ: “Ты кіраваў, ты піў”. Той у адказ: “А як жа я без кола паеду?” І чалавека прыцягвалі да адказнасці за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, даводзілася з такой сітуацыяй разбірацца.
Былі выпадкі, калі пратаколы выглядалі так, нібы іх склалі, не выходзячы з кабінета. Няма ні подпісу чалавека, нічога. І пазбавілі правоў на тры гады. Чалавек звяртаўся да мяне, да адвакатаў. І доўга мы там ваявалі, але дамагаліся справядлівасці.
P.S. П’янства за рулём ― безумоўная праблема, якая пагражае жыццю кожнага беларуса. У зоне рызыкі ўсе ― мы, вы, нашы блізкія. Іншая справа, што вінаватасць парушальніка павінна быць даведзена абгрунтавана. Усё ж жывем у XXI стагоддзі і элементарныя сродкі запісу даступны на кожным кроку. Калі ж адзіны доказ ― гэта сведчанні міліцыянераў ці сведак, якія выклікаюць сумнеў, то выходзіць, што і гутаркі пра стопрацэнтную законнасць няма. Прымаць за праўду толькі словы інспектара ДАІ таксама няправільна. Тэарэтычна паўсюль могуць быць нядобрасумленныя супрацоўнікі. Тэарэтычна сітуацыя такая, што абвінаваціць у п’янцы магчыма любога чалавека, які мае машыну.
Што тычыцца гэтай гісторыі, спадзяемся, праваахоўныя органы дасканала разбяруцца ў сітуацыі.