Эксперт пра сутыкненне BMW і картэжу: Гэта падобна на ДТЗ з Машэравым
Аляксандр Канапліцкі лічыць, што вінаватая кіроўца, якая выехала на сустрэчную паласу
Вядомы беларускі аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі па просьбе Еўрарадыё выказаў сваё меркаванне наконт прычыны гучнага ДТЗ пад вёскай Александрыя Шклоўскага раёна.
Нагадаем, што аварыя адбылася ўвечары 5 ліпеня. Здарэнне стала рэзанансным, бо, паводле непацверджанай інфармацыі, кіроўца BMW Ганна В. сутыкнулася з мікрааўтобусам з картэжу службы аховы прэзідэнта. Пацярпела пяць чалавек, двое ў цяжкім стане і перанеслі хірургічныя аперацыі.
Раім пачытаць: У BMW, якая пратараніла картэж, ехала двое маленькіх дзяцей
У дачыненні да 23-гадовай Ганны В. заведзеная крымінальная справа па артыкуле "Парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў". Са словаў мужа падазраванай, яе ўзялі пад арышт проста ў бальнічнай палаце. А ў чацвер, 9 ліпеня, стала вядома, што следчыя не сталі змяшчаць дзяўчыну ў СІЗА.
"З самага пачатку відэа наперадзе мікрааўтобуса мы бачым як мінімум адну машыну. Гэта, хутчэй за ўсё, так званая сігнальная машына. Злева практычна ўсе сустрэчныя аўтамабілі спыніліся, — кажа Аляксандр Канапліцкі. — А BMW спачатку сыходзіць правей, на ўзбочыну. З гэтай прычыны з'яўляецца пыл. Калі машына рухаецца, напрыклад, з хуткасцю 70-80 км/г і рэзка выязджае на абочыну, яе пачынае цягнуць направа, таму што правыя колы запавольваюцца. Што інтуітыўна кіроўца робіць у такой сітуацыі? Правільна, рэзка круціць руль улева. На відэа бачна, як машына ідзе ўлева, а заднюю частку аўтамабіля заносіць управа. Магчыма, кіроўца BMW празявала дыстанцыю або машына спераду занадта рэзка спынілася. Але сутнасць у тым, што BMW выехала на сустрэчную, і гэта ў любым выпадку віна кіроўцы".
Еўрарадыё: Атрымліваецца, кіроўца праз няўважлівасць ці яшчэ з нейкіх прычын магла своечасова не скінуць хуткасць або не ацаніць правільна сітуацыю на дарозе...
Аляксандр Канапліцкі: Вось вы самі і адказалі на сваё пытанне. На відэа бачна, што ўсе сустрэчныя машыны, акрамя BMW, спыніліся. Гэта адбылося пасля таго, як кіроўцы, хутчэй за ўсё, убачылі першую сігнальную машыну.
Еўрарадыё: Ці магло паўплываць на ДТЗ магчымае перавышэнне хуткасці мікрааўтобуса з картэжу?
Аляксандр Канапліцкі: Не звяртайце ўвагі на хуткасць, з якой мог рухацца мікрааўтобус. Гэта не знаходзіцца ў прычыннай сувязі з ДТЗ. Мікрааўтобус едзе па сваёй паласе. Не ён выехаў на сустрэчную, а BMW. Прывяду прыклад. Калі чалавек праехаў на чырвонае святло і здзейсніў ДТЗ, то прычына ў тым, што ён праехаў на чырвонае святло, а не тое, што ў яго адсутнічала аптэчка або вогнетушыцель.
Да таго ж спецмашынам правіламі дазваляецца рухацца з перавышэннем хуткасці пры ўмове захавання бяспекі дарожнага руху. Нават калі мікрааўтобус і ехаў са значным перавышэннем хуткасці... Ну і што? Гэта магла б быць іншая спецмашына. Напрыклад, "хуткая", якая ехала б ратаваць чалавека. Або ратавальнікі, якія імчаліся б на пажар. Або міліцыя, якая спяшалася б на месца забойства...
Гэтая сітуацыя вельмі падобная на ДТЗ з Машэравым. У тым выпадку сігнальная машына праехала, сустрэчныя машыны спыніліся. А кіроўца грузавіка, які вёз бульбу, сапраўды гэтак жа, як тая BMW, выехаў на сустрэчную паласу. Сітуацыя адзін у адзін.