Чаму Правілы дазваляюць не прышпільваць пасажыраў, але за гэта штрафуюць?

Паводле беларускіх Правілаў дарожнага руху, многія сучасныя легкавікі не з’яўляюцца транспартнымі сродкамі. Бо яны маюць незалежную падвеску і іх колы не злучаны восямі. А цацачны электрамабільчык для трохгадовых карапузаў пад гэта азначэнне можа падысці.

Вядомы беларускі аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі выдаў кнігу “Правілы дарожнага руху: невядомае аб вядомым”, дзе такія казусы дасціпна апісаны.

Незалежная падвеска ў аўтамабілі "Смарт"

Знакі, якія зніклі з правілаў, але за якія могуць улупіць штраф

“З 2006 года змяніліся беларускія ПДР і дзяржаўныя стандарты ў гэтай галіне. Знак “Рух толькі направа” ў выглядзе прамой стрэлкі знік, ― тлумачыць адзін з нюансаў Аляксандр Канапліцкі. ― А знакі “Рух направа” і “Рух налева” сталі выглядаць як скругленая стрэлка пад вуглом 90 градусаў. Значыцца ― калі вісіць знак старога ўзору, яму можна не падпарадкоўвацца. Аднойчы інспектар ДАІ захацеў мяне пакараць за парушэнне старога знаку. У адказ я патлумачыў, што яго няма ў ПДР. На гэтым размова скончылася. На вялікіх магістралях старыя знакі замянілі, а ў дварах, на маленькіх тэрыторыях гэта зрабілі не паўсюль”.

Той самы нелегітымны знак "Рух толькі направа". Фота з архіву Аляксандра Канапліцкага

Пераязджаць скрыжаванні насамрэч забаронена

“На скрыжаваннях наносяцца перарывістыя лініі разметкі. Паводле дзейных правілаў, перасякаць іх магчыма з любога боку, акрамя скрыжаванняў, на якіх не арганізаваны кругавы рух, ― працягвае Аляксандр Канапліцкі. ―  Атрымліваецца, што перасякаць перарывістыя лініі на звычайных скрыжаваннях папросту нельга, што беларускія вадзіцелі павінны спыняцца перад усімі такімі скрыжаваннямі, і ехаць далей нельга. Але такога абсурду не адбываецца. А тэарэтычна, кожнага за праезд скрыжавання магчыма аштрафаваць”.

Пазначанае перарывістымі лініямі скрыжаванне ў Мінску

ПДР дазваляюць прышпільваць сядзенні, а не пасажыраў

У сваёй кнізе аўтаэксперт разглядае хібы раздзела “Правы і абавязкі кіроўцаў”. Калі пільна прачытаць інфармацыю наконт рамянёў бяспекі, робіцца зразумела, што дастаткова прышпіліць іх на пустых пасажырскіх сядзеннях і пасадзіць наверх гэтай прыгажосці людзей. І ніякіх штрафаў!

“Вадзіцель абавязаны быць прышпіленым і не перавозіць пасажыраў з непрышпіленымі рамянямі бяспекі”, ― сказана ў ПДР.

Аляксандр Канапліцкі прапаноўвае перафармуляваць правіла так, каб спрэчак і двайнога тлумачэння правілаў не ўзнікала.

***

У гэтым годзе Еўрарадыё сутыкалася са скаргамі людзей, якіх пазбавілі правоў за кіраванне аўто ў нецвярозым стане. Пры гэтым адну жанчыну на Магілёўшчыне абвінавацілі ў адмове ад медагляду наконт ап’янення. Хоць “парушальніца” сцвярджае, што везці да эксперта яе адмовіліся самі інспектары ДАІ, а ў іх машыне не было нават алкатэстара.

Адзін хлопец паскардзіўся, што сапраўды піў піва ў “Жыгулях”, але машыну нават не заводзіў. Аднак правоў яго ўсё адно пазбавілі, а ДАІ не змагло падаць Еўрарадыё галоўны доказ кіравання ў нецвярозым стане ― запіс з відэарэгістратара.

Эксперт Аляксандр Канапліцкі непрымірыма ставіцца да п’янства за рулём і да парушальнікаў хуткаснага рэжыму, але сам неаднойчы сутыкаўся з несумленным падыходам да кіроўцаў.

“Года паўтара таму чалавек папрасіў у ДАІ падаць доказ яго віны ― фотаздымкі з прылады вымяральніка хуткасці, ― узгадвае аўтаэксперт. ― Чалавеку даслалі адказ, што здымкі выпадкова сапсаваліся падчас праяўкі. Хоць гэта не можа быць праўдай ― лічбавыя фотаздымкі праяўляць не трэба, гэта не плёнка”.

Пра іншыя выпадкі, калі кіроўцам удавалася абскарджваць фармальныя рашэнні Дзяржаўтаінспекцыі, Аляксандр Канапліцкі распавядае ў гэтых відэазапісах: 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі