Дакладчыца ААН падазрае Расію ў арганізацыі катаванняў ва Украіне

Украінская Буча пасля сыходу расіян, 2022 год / Еўрарадыё, архіўнае фота
Украінская Буча пасля сыходу расіян, 2022 год / Еўрарадыё, архіўнае фота

Расійскія ўлады,  магчыма, наўмысна і свядома займаюцца катаваннямі палонных украінскіх вайскоўцаў і грамадзянскага насельніцтва краіны. Пра гэта заявіла спецыяльная дакладчыца ААН па катаваннях Эліс Джыл Эдвардс, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Яна накіравала расійскім уладам ліст, у якім выказала заклапочанасць у сувязі са шматлікімі паведамленнямі пра катаванні. Па яе звестках, катаванні могуць быць звязаныя з жаданнем атрымаць інфармацыю, выбіць прызнальныя паказанні ці проста пакараць палонных вайскоўцаў і тых, хто іх падтрымлівае. Эдвардс нагадвае, што катаванні могуць быць кваліфікаваныя як ваеннае злачынства або злачынства супраць чалавечнасці.

Ліст да расійскіх уладаў падпісалі і іншыя эксперты ААН. У ім гаворыцца пра шматлікія расповеды і паказанні наконт таго, што расіяне катуюць токам, збіваюць, калечаць затрыманых або ўзятых у палон украінцаў, а таксама ўтрымліваюць іх у нечалавечых умовах.

На думку Эдвардс, гэтыя сведчанні паказваюць, што расійскія ўлады і войска займаюцца катаваннямі свядома.

Падчас расійскай вайны супраць Украіны абодва бакі неаднаразова вінавацілі адзін аднаго ва ўжыванні катаванняў. Але цяпер эксперты ААН публічна выказваюць падазрэнне, што катаванні на расійскім баку адбываюцца ў рамках афіцыйнай палітыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі