Далі рэкамендацыі працаўнікам "Паліміра", у якіх "няма актыўнасці ў сацсетках"

Сход на "Паліміры" / gazeta.naftan.by
На заводзе "Палімір" у чацвер прайшла чарговая "інфармацыйная сустрэча". На гэты раз на яе сабралі працаўнікоў рамонтнай вытворчасці. Прысутнічаў маёр міліцыі Аляксандр Сінкевіч з Наваполацкага ГАУС. Ён звярнуў увагу прысутных на існуючыя ў Беларусі спісы "экстрэмісцкіх груп і чатаў". Міліцыянт сказаў працаўнікам "Паліміра", што яны мусяць "зверыцца з выяўленымі і адпісацца ад такіх", нават калі ў іх "няма актыўнасці ў сацсетках".
Год таму працаўнікоў завода "Палімір" заклікалі "не дапусціць палітычнага экстрэмізму".
Нядаўна стала вядома, што многія жадаючыя працаўладкавацца на "Нафтане" (у тым ліку і на "Паліміры") не могуць прайсці усе этапы праверкі службы бяспекі. Пры праверцы здараецца і такое, што суіскальнік і працу не атрымлівае, і можа нажыць сабе праблемы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.