Дамоў ішоў у шкарпэтках — у Слуцку пад лёд правалілася дзіця, але яго выцягнулі
Рыбакі на рацэ Случ у Слуцку / kurjer.info
Маленькі хлопчык (на выгляд яму было гадоў 7) праваліўся пад лёд на рацэ ў Слуцку, але яго выратаваў рыбак. Гісторыю расказвае мясцовы рэсурс kurjer.info.
Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў нядзелю. Мясцовы жыхар Аляксей Капылоў ішоў на рыбалку, калі пачуў, што дзеці просяць дапамагчы.
"Дзяўчынкі насустрач бягуць: "Дзядзька, дапамажыце! Хлопчык тоне!" Я і пабег", — расказаў выданню мужчына.
На месцы ён убачыў натоўп дзяцей і маленькага хлопчыка ў вадзе. Капылоў лёг на лёд і папоўз да дзіцяці. Калі выцягнуў яго на бераг, той ужо быў без абутку.
"Я кажу яму: "Давай хутчэй дадому ў ванну гарачую!" Ён і пайшоў басанож у шкарпэтках. Дзяўчынкі з ім былі. Я крычу: "Бяжы бягом!" А ён не спяшаючыся пайшоў насупраць маслабазы", — расказвае Аляксей Капылоў.
Паводле яго слоў, пажылая жанчына выклікала адначасова ратавальнікаў і хуткую. Ратавальнікі прыехалі, калі хлапчук ужо пайшоў дадому, выклік медыкам яна пазней адмяніла. Жанчына таксама расказала, што дзіця быў у вадзе каля 10 хвілін.
"Дарма жанчына адклала "хуткую". Лепш бы хлопчыка забралі лекары. Расцерлі б яму цела. Я толькі потым падумаў пра гэта", — кажа мужчына. У размове з журналістамі ён таксама сказаў, што нядрэнна было б, каб гарадскія ўлады размясцілі ля ракі хаця б шыльду з папярэджаннем, каб дзеці не лазілі на лёд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.