Дапамога на дзяцей да трох год сёлета ўзрасла на 8,3%
У Беларусі сярэднямесячны памер дапамогі па даглядзе дзіця ва ўзросце да 3 гадоў павялічыўся ў студзені-верасні на 8,3% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Ён склаў Br264,1, у тым ліку ў верасні — Br270,42. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сёлета пераразлік памераў дзіцячых дзярждапамог рабілі чатыры разы (з 1 лютага, 1 сакавіка, 1 мая, 1 жніўня) у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытковага мінімуму і тройчы (з 1 лютага, 1 жніўня і 1 лістапада) у сувязі з ростам сярэднямесячнага заробку за квартал.
Падрыхтаваная новая рэдакцыя закона "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей". Законапраект змяшчае новыя нормы, накіраваныя на ўзмацненне сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян. У прыватнасці, бацькам, якія ажыццяўляюць дагляд дзіця-інваліда, дадуць права працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці (не больш за 0,5 стаўкі) альбо ў доме з захаваннем выплаты дапамогі.
На 1 кастрычніка на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаяла 86 429 шматдзетных сем'яў, 26 809 сем'яў з дзецьмі-інвалідамі. Паслугі няні ў студзені-верасні аказалі 1 772 сем'ям, у тым ліку 128 сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.