"Дармаед" паслаў у Адміністрацыю прэзідэнта 11 кг подпісаў за адмену дэкрэта № 3
"Дармаед" з Гомеля паслаў у Адміністрацыю прэзідэнта амаль 11 кг паперы з подпісамі за адмену дэкрэта № 3. Віталь Юрчанка кажа, што з красавіка 2015 года пад электронным зваротам сабраў больш за 61 тысячу подпісаў. На раздрукоўванне іх спатрэбілася чатыры пачкі паперы, 1900 аркушаў фармату А4, інфармуе Радыё Свабода.
Калі мужчына адпраўляў пасылку ў Мінск, "асаблівых пярэчанняў з боку супрацоўнікаў аддзялення сувязі не было". Яны ўпакавалі паперу, запратэставалі, калі пабачылі, што гэты працэс здымаецца на відэа. Выклікалі міліцыянераў, але тыя паглядзелі, што парадку ніхто не парушае, і сышлі.
Праз нейкі час са сталіцы Віталю Юрчанку патэлефанавалі з галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Адміністрацыі прэзідэнта ды паведамілі, што ліст з подпісамі яны атрымалі.
Юрчанка перакананы, што дэкрэт кіраўніка дзяржавы № 3 парушае артыкул 41 Канстытуцыі, Канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы № 105 "Аб ліквідацыі прымусовай працы".