"Дармаедаў" пакуль не будуць штрафаваць за нявыплату збору
Падатковыя органы вырашылі пакуль што не штрафаваць тых, хто яшчэ не заплаціў так званы "падатак на дармаедаў". Пра гэта на сайце БЕЛТА паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення падаткаабкладання грамадзян, дэкларавання даходаў і маёмасці галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Марына Побаль.
Тым часам падаткавікі накіравалі ўжо больш за 70 тысяч паведамленняў патэнцыйным плацельшчыкам гэтага збору. Праўда, 15 тысяч з іх змаглі даказаць, што яны не абавязаныя плаціць "падатак на дармаедаў". Гэта азначае, што амаль кожны пяты атрымальнік "ліста шчасця" не павінен плаціць збор.
Паводле звестак Марыны Побаль, грамадзяне заплацілі ўжо за "падатак на дармаедаў" амаль 3 мільёны "новых" рублёў. Пры гэтым 1 мільён рублёў яны заплацілі датэрмінова — узамен на 10-адсоткавую зніжку на падатак.
Як паведамлялася ў сераду, агулам "падатак на дармаедаў" заплацілі ўжо 9500 чалавек.