Даручэнне Лукашэнкі па новых тарыфах ЖКГ так і не выканалі?

Даручэнне Лукашэнкі па новых тарыфах ЖКГ так і не выканалі?

1 сакавіка Аляксандру Лукашэнку павінны былі прадставіць новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Чакалася, што яны будуць зменшаныя ў параўнанні з цяперашнімі. Кіраўнік краіны мусіў іх зацвердзіць, пасля чаго тарыфы не павінны мяняцца да яго асабістага распараджэння. Займацца пералікам была прызначаная працоўная група, куды ўвайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, Саўміна і Адміністрацыі прэзідэнта.

І вось дзень “Ч” надышоў. 1 сакавіка ніякіх новых тарыфаў так і не агучваюць. Больш за тое, у прэс-службе Савета Міністраў раяць спачатку звярнуцца ў КДК ці Адміністрацыю прэзідэнта. Маўляў, уся інфармацыя спачатку ідзе туды. Не пытанне!

“Пакуль ніякай дадатковай інфармацыі вам паведаміць не можам, апроч той, што выдавалі ў выхадныя”, — кажуць у прэс-службе Камітэта дзяржкантролю. Але ў выхадныя проста паведамілі пра павелічэнне колькасці крымінальных спраў, пра тарыфы там не было нічога. Таму Еўрарадыё ўдакладняе, ці значыць гэта, што сакавік мы таксама будзем жыць па навагодніх тарыфах. Але адказ паўтараецца: “Ну, вы ведаеце, пакуль ніякай дадатковай інфармацыі сказаць не магу!”

У Адміністрацыі прэзідэнта ўвогуле адразаюць пытанне класічным “без каментарыяў!”.

Еўрарадыё: Як гэтае пытанне можна пакінуць без каментарыяў?

Адміністрацыя: Ну як!? У нас пакуль няма ніякай інфармацыі.

Еўрарадыё: Сёння ж 1 сакавіка! Значыць, гэты месяц мы будзем жыць па старых тарыфах?

Адміністрацыя: Я яшчэ раз вам паўтараю, што ў нас каментарыяў на гэты конт у гэты час няма.

Атрымліваецца, або новыя тарыфы так і не распрацавалі і лютаўскія жыроўкі выклічуць не меншае абурэнне чым студзеньскія, або іх пакуль трымаюць у сакрэце.

Нагадаем, увесь вэрхал падымаецца 22 лютага. Падчас дакладу аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе Лукашэнка выказвае абурэнне з нагоды тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

"Значыць, начапіце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы, — загадвае кіраўнік краіны. — Начапіце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы. Тут павінен быць спіс, хто гэтую "балду" прыдумаў. Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму".

Ён даручае старшыні КДК, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта і прэм'ер-міністру да 1 сакавіка падаць яму новыя разлікі тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Праз два дні пасля загаду Лукашэнкі Камітэт дзяржкантролю пачынае 13 крымінальных спраў на службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ. А ўжо праз тыдзень, за дзень да 1 сакавіка, намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Юрый Кардымон паведамляе, што крымінальных спраў па фактах неабгрунтаваных налічэнняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы ужо 17. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці пад крымінальную справу трапіў кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў, якое ўваходзіць у сістэму ЖКГ.

Кардымон: "З 1 студзеня 2016 года плата за санітарнае ўтрыманне і асвятленне дапаможных памяшканняў была выведзеная з тарыфу "тэхнічнае абслугоўванне" і замацоўвалася ў якасці самастойнай паслугі. Тым не менш прадпрыемствы выстаўлялі і прад'яўлялі да аплаты грамадзянам як у якасці самастойнага віду паслуг, так і ў складзе паслугі "тэхнічнае абслугоўванне". Гэтыя дзеянні нанеслі шкоду грамадзянам на суму больш за 900 мільёнаў рублёў".

У мінулую пятніцу ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” старшыня КДК Леанід Анфімаў адзначыў, што працоўная група займаецца пералікам тарыфаў з улікам рэальных затрат. З яго слоў вынікала, што “камуналка” павінна зменшыцца.

Фота: 4esnok.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі