Дар’я Домрачава драматычна выйграла гонку пераследу (відэа)
Гонка праходзіла ў межах розыгрыша Кубка Свету ў чэшскім горадзе Новэ Места.
Беларуская біятланістка Дар'я Домрачава стартавала 4-й, праз 23 секунды пасля лідара, немкі Лаўры Дальмаер. Менавіта такое адставанне было ў Домрачавай пасля спрынта, які прайшоў у суботу 7 лютага. На першым агнявым рубяжы беларуска мела два штрафных круга і займала 12 пазіцыю. Пасля другой стральбы Дар’я Домрачава была шостай.
Перад трэцяй стральбой на біятлонным стадыёне пайшоў моцны снег, усчаўся вецер, саперніцы пачалі прамахвацца, чым скарысталася Дар’я Домрачава — стрэльбішча беларуска пакінула ўжо трэцяй. Адставанне Домрачавай ад Соўкалавай, якая ўзначаліла гонку на той момант, складала 19 секунд.
Сапраўдны трылер адбыўся на чацвёртым агнявым рубяжы — лідары стралялі амаль адначасова. Чэшка прамахнулася двойчы, беларуска Домрачава і фінка Макарайнен — па аднаму разу. У выніку беларуска стала лідарам гонкі і абагнаць сябе ўжо не дазволіла.
Другое месца заняла Кайса Макарайнен, у агульным заліку беларуска яшчэ больш наблізілася да фінскай біятланісткі. Беларуска Ірына Крыўко стала 10-й — гэта лепшы вынік у яе кар’еры. Надзея Скардзіна заняла 19 месца, Надзея Пісарава — 36-е. Анастасія Дубарэзава была дыскваліфікаваная.
Фота: Прессбол