Даследчы Цэнтр ІПМ выступіў з макраэканамічным прагнозам для Беларусі
Даследчы Цэнтр ІПМ выступіў з макраэканамічным прагнозам для Беларусі. Ён базавы. Песімістычны варыянт прагнозу, у якім будзе ўлічаны падатковы манёўр, з'явіцца пазней.
Даследчыкі абапіраліся на дадзеныя Белстата, Нацбанка і на свае разлікі. Яны прагназуюць, што ў 2020 годзе інфляцыя складзе 5%, у 2021-м — 4,2% (у 2018-м — 5,6%). Тэмпы прыросту валавога ўнутранага прадукта ў наступным годзе могуць скласці 1,9%, праз два гады — 2% (у 2018-м — 3%). Стаўка рэфінансавання прагназуецца на наступны год на ўзроўні 10% гадавых (як і па выніках бягучага года), у 2021-м — 9,5%. Намінальны абменны курс долара па выніках 2019 года складзе 2,18 рубля, у 2020-м — 2,28, у 2021 годзе — 2,34 рубля. Рост курса еўра ў тыя ж гады прагназуецца наступны: 2,61, 2,83 і 2,94 рубля.
Што да памеру сярэдняга заробку беларусаў, дык эксперты падаюць наступныя лічбы: па выніках 2019 года — 1051,6 рубля, 2020 — 1151,6, 2021 год — 1260,8 рубля.
Даследчыкі мяркуюць, што асноўнымі рызыкамі для нашай краіны застаюцца рознагалоссі з Расіяй наконт паставак нафты і газу, а таксама рэгіянальныя ці глабальныя рызыкі, якія могуць паўплываць і на абменны курс, і на інфляцыю ды ВУП.