Дастаўка газа да кватэры каштуе 58 долараў

“У 2015-м беларусы будуць поўнасцю аплачваць газ ды электрычнасць”, — абяцае віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін. Еўрарадыё вылічыла, а наколькі аплачваюць цяпер?

У Белэнерга адразу не могуць назваць гэту лічбу і просяць запыт. А вось Мінгаз прыводзіць такі разлік: 2 362 рубля за кубаметр газу — і ёсць кошты 100% аплаты. Вылічыць, колькі цяпер чалавек пакрывае выдаткаў проста.

“Поўны кошт — 2362 рубля за куб, атрымоўваецца, прыкладна… 82% аплачваюць спажыўцы”, — кажуць у Мінгазе. Яшчэ трошкі, і будзе поўная аплата? У Мінгазе паціскаюць плячыма —пра 100% яшчэ нічога не вядома.

"Белпалгаз" i сам пакуль не ведае, якім чынам беларусы будуць пакрываць 100% выдаткаў. Бо ёсць жа абмежаванне: камуналка не можа даражэць больш чым на 5 долараў за год! Словы Анатоля Калініна тут тлумачаць такiм чынам:

"Магчыма, што да 2015 года спажыўцы газа, якiя выкарыстоўваюць яго на патрэбы прыгатавання ежы, будуць аплачваць за газ па коштах, якiя пакрываюць 100% выдаткаў. Але рост кошту камунальных паслуг не можа перавысiць 5 долараў за год. Такiм чынам, застаецца пытанне па спажыўцах газа на патрэбы ацяплення жылога памяшкання, кошт для якiх складае 530,3 р за 1 кубічны метр, або толькi 22% ад сумы выдаткаў. Каб дасягнуць 100% пакрыцця выдаткаў, трэба павысiць кошт газа для гэтых спажыўцоў у 4,5 раза!"

У "Белпалгазе" тлумачаць такую разбежку: ёсць розныя тарыфы — для тых, хто выкарыстоўвае газ на патрэбы прыгатавання ежы (1940,9 р. за 1 кубічны метр) і для ацяплення (530.3 р. за 1 кубічны метр).

"Вы правільна падлічваеце, што ў кватэры, дзе ёсць толькі газавая пліта ,чалавек плаціць каля 82% за газ. Вы плаціце за газ ў кватэры амаль па сабекошце, а нехта — сусед з катэджа праз дарогу — па вельмі нізкім тарыфе. І калі ўвесь гэты "кактэйль" перамяшаць, атрымаюцца тыя 40%, пра якія мы гаворым!", — кажуць ў "Белпалгазе".

На прадпрыемстве паўтараюць, што цяпер бліжэй за ўсё да 100% пакрыцця выдаткаў набліжаныя тыя, хто аплачвае газ ў кватэрах, меней — тыя, хто аплачвае ў прыватных дамах. Для іх тарыфы амаль ў тры разы ніжэйшыя!

"Людзям з плітамі баяцца няма чаго, бо яны і так каля гэтай лічбы. А вось з катламі… Нават калі сярэдні кацёл ў халодную зіму спальвае каля 600 кубоў газа, тады атрымаецца, што ў 2015 годзе жыхарам трэба будзе заплаціць каля 1,45 мільёна за газ. Дык дзе ўзяць такія заробкі?" — пытаюцца ў “Белпалгазе”.

Падлічваем, калі беларусы купляюць 1000 кубоў газа ў Расіі па 182,8 долараў і аплачваюць няхай і 80% па 196 долараў, дык колькі ў нас "наварвае" дзяржава, каб даставіць газ спажыўцу? У Белпалзаге тлумачаць: няхай на форумах абмяркоўваюць колькі заўгодна, што беларусам павінны прадаваць газ па тым кошце, за які купілі ў Расіі, але ж ёсць выдаткі на дастаўку.

Ў “Белпалгаз тлумачаць, з чаго складаюцца выдаткі на водпуск газу для насельніцтва. Выдаткі складаюцца з дзвюх частак: з аплаты за газ і эксплуатацыйных выдаткаў.

Удзельная вага выдаткаў на аплату газу ААТ “Газпрам трансгас Беларусь” ў выдатках на водпуск прыроднага газу насельніцтву складае каля 75 працэнтаў. У 2014 годзе выдаткі на водпуск насельніцтву складаюць 2362 рублі за 1 кубаметр. З іх 1791 рубель — выдаткі на аплату за газ і 572 рублі — эксплуатацыйныя выдаткі.

 “У цэлым, каб даставіць газ да спажыўца трэба заплаціць каля 58 долараў, гэта з ўсімі выдаткамі”, — кажуць у Белпалгазе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі