Давыдзька адмовіўся дэбатаваць з Губарэвічам у жывым эфіры Еўрарадыё
Кіраўнік грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Генадзь Давыдзька пракаментаваў прапанову лідара Руху "За свабоду" Юрыя Губарэвіча зладзіць дэбаты, не чакаючы рэгістрацыі іх абодвух кандыдатамі ў дэпутаты, у студыі Еўрарадыё.
"Ну не зараз жа. Бо хто ён такі? Ён чалавек, яго паважаюць, у яго ёсць думкі — ну і хай сабе. Вось калі ён будзе кандыдатам у дэтутаты, тады ў межах заканадаўства трэба будзе сустрэцца і пагаварыць. Пра планы, пра мэты. Удакладніць, чаго ён хоча ад рэчаіснасці, чаго я хачу. І можа, тое-сёе адзін у аднаго і ўзяць. Можа, і параіцца. Я не бачу тут сутыкнення нейкага. Калі ён рупіцца пра краіну, пра радзіму, то я таксама. Проста там могуць быць розныя пункты гледжання на будучыню, на рэчаіснасць. Ну і нармальна! Але гэта потым. Што зараз гэта рабіць? Давайце я зараз з усімі буду сустракацца і дэбатаваць! Навошта? Я не бачу зараз для гэтага нагоды. Калі ён зарэгіструецца, тады і пагаворым перад тымі, хто хоча нас абіраць", — заявіў Генадзь Давыдзька карэспандэнту Еўрарадыё.
Давыдзька: Еўрарадыё — не мая пляцоўка, давайце правядзём дэбаты ў школе
Праўда, і пасля рэгістрацыі дэбатаваць менавіта ў эфіры Еўрарадыё з вядоўцам Змітром Лукашуком старшыня "Белай Русі" не жадае:
"Я не бачу неабходнасці менавіта на вашай пляцоўцы пра нешта гаварыць — гэта не мая пляцоўка. Дакладней — гэта ягоная пляцоўка. І больш сімпатыі вашы на ягоным баку. Я веру вам і ў тое, што вы чалавек прыстойны, але я хацеў бы разважаць на нейкай зусім нейтральнай пляцоўцы".
Такой "зусім нейтральнай пляцоўкай", на думку Генадзя Давыдзькі, можа стаць адна са школ на іх выбарчай акрузе, дзе будзе ладзіцца сустрэча з выбаршчыкамі.
Лідар Руху "За свабоду" Юрый Губарэвіч і старшыня "Белай Русі" Генадзь Давыдзька вылучаюцца ў дэпутаты па адной акрузе — 107-й. Раней Давыдзька заявіў, што не супраць дэбатаў з лідарам Руху "За свабоду" Юрыем Губарэвічам пасля рэгістрацыі іх абодвух кандыдатамі ў дэпутаты. У адказ Губарэвіч прапанаваў не чакаць рэгістрацыі і зладзіць дэбаты ўжо зараз у студыі Еўрарадыё.