"Дажынкі" знікнуць толькі ў наступным годзе?

Яшчэ ў верасні мінулага года было прынятае рашэнне аб правядзенні рэспубліканскіх "Дажынак-2014" ў Гарадку Віцебскай вобласці. І на гэта з бюджэту выдзяляюць грошы — 248,5 мільярдаў рублёў!

Але ў сакавіку кіраўнік дзяржавы нечакана мяняе фармат "Дажынак".

Лукашэнка лічыць, што ўшаноўваць лепшых хлебаробаў падчас Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу немэтазгодна, а трэба ў лютым і ў Палацы Незалежнасці.

У прыёмнай Гарадоцкага райвыканкама не ведаюць, да чаго рыхтуецца горад, да рэспубліканскіх ці абласных "Дажынак"?

"Мы самі не ведаем. Тут штодзень усё мяняецца, ў пятніцу былі абласныя", — асцярожнічаюць у прыёмнай райвыканкама, накіроўваюць да фінансістаў раёна. У гэтых усё добра, у Гарадку будуць праводзіцца… рэспубліканскія "Дажынкі".

"Дажынкі будуць рэспубліканскія. Мы тут будуем ўсё, поўным ходам ідзе", — нават узгадваюць пра грошы з бюджэту і намякаюць на тое, што дадаткова падзеляцца спонсары.

Удакладняю інфармацыю ў прыёмнай Віцебскага аблвыканкама. Новы фармат "Дажынак", пра якія казаў кіраўнік дзяржавы, тут чакаюць… у гэтым годзе.

"Быццам бы будуць ўшаноўваць у лютым пераможцаў у Палацы незалежнасці, а ў кастрычніку будзе проста свята. Вы што, выступы кіраўніка дзяржавы не глядзіце?!" — папракаюць мяне ў прыёмнай Віцебскаблвыканкама. Вядома, глядзім! А яшчэ чытаем бюджэт!

Начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай працы Аблсельгаскамітэта Станіслаў Грэбнеў кажа Еўрарадыё, што Гарадок рыхтуецца ўсё ж да рэспубліканскіх Дажынак. Горад будуецца, рамантуецца і да кожнай капеечкі тут ставяцца з розумам.

"Вось, вырашаецца пытанне пра лыжаролерную трасу, яшчэ не вырашана, ці будзем будаваць", — кажа чыноўнік. Заўважае, што нічога не змянілася, "Дажыні" будуць, як і планавалі рэспубліканскімі.

Канчаткова запэўніваюць мяне ў прэсс-службе Мінсельгасхарчу:

"Дажынкі" рэспубліканскія будуць у Гарадку, як і планавалася".

А вось ужо ў наступным годзе мерапрыемства ўрэшце перафарматуюць — ўсё, як загадаў прэзідэнт. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі