Дэлегаты VI з’езда беларусаў свету заклікалі вызваліць палітвязняў
Пра гэта гаворыцца ў прынятай сёння на з’ездзе калектыўнай заяве “Аб акце добрай волі”.
Дакумент выклікаў пратэст з боку групы дэлегатаў, пераважна з Украіны. Яны аргументавалі сваю пазіцыю тым, што “гэта — унутраная справа Рэспублікі Беларусь”. Пытанне выклікала бурнае абмеркаванне, аднак толькі восем чалавек выказаліся за зняцце гэтай заявы з парадку дня.
У заяве гаворыцца пра тое, што клопат грамадзян пра будучыню сваёй краіны — гэта натуральная з’ява, якая годная пашаны і павагі, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, што шосты З’езд беларусаў свету праходзіць у Мінску 23–24 ліпеня пад эгідай міжнароднай грамадскай арганізацыі “ЗБС “Бацькаўшчына”.