Дэпрэсія праз расізм і рыба, падобная да Саўрана — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
Заўзець за сваю зборную, нават калі ты паліцэйскі і трэба быць нейтральным? Лёгка! У Германіі людзей у форме не сталі абмяжоўваць на час чэмпіянату Еўропы па футболе — спадзяёмся, яны не пачнуць помсціць за паразы сваёй зборнай!
Гэтая і іншыя цікавыя навіны — у нашым традыцыйным міжнародным аглядзе.
На Тайвані закрываюцца школы і ВНУ
Улады Тайваня асцерагаюцца эканамічнага крызісу, які насоўваецца праз старэнне насельніцтва. Як і ў іншых краінах Усходняй Азіі, тут спрабуюць дасягнуць "каэфіцыента ўзнаўлення", неабходнага для падтрымання стабільнага насельніцтва — 2,1 дзіцяці на адну жанчыну. Але на востраве гэты паказчык не дасягаўся з сярэдзіны 80-х гадоў.
Цяпер ён роўны ўсяго 0,865.
На Тайвані скарачэнне насельніцтва ўжо пачало ўплываць на прызыў у войска. А цяпер праблема распаўсюджваецца на школы і ВНУ. У перыяд з 2011 да 2021 года колькасць навучэнцаў пачатковых школ Тайваня ўпала з 2,3 млн да 1,8 млн.
СМІ паведамляюць, што 13 прыватным і прафесійным сярэднім школам пагражае закрыццё ўжо ў наступным годзе. А паводле статыстыкі Міністэрства адукацыі Тайваня, з 2014 года ў краіне закрыліся 15 каледжаў і ўніверсітэтаў, яшчэ чатыром ВНУ давядзецца закрыцца ў найбліжэйшы час.
Расізм выклікае дэпрэсію
Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе JAMA Network Open, расавая дыскрымінацыя павышае рызыку дэпрэсіі і трывогі.
"Мы ведаем, што дыскрымінацыйны досвед звязаны з шэрагам негатыўных наступстваў для здароўя", — кажуць аўтары даследавання.
Навукоўцы прааналізавалі апытанні, у якіх чарнаскурыя падлеткі расказвалі пра свой досвед расавай дыскрымінацыі. Калі ўдзельнік паказваў, што адчувае страх, трывогу, сум або дэпрэсію, даследчыкі адзначалі гэтыя пачуцці як унутраныя праблемы. А калі ён паведамляў, што часта сварыцца або ладзіць істэрыкі, такія паводзіны класіфікавалі як вонкавыя сімптомы.
Маладыя людзі, не схільныя адказваць на дыскрымінацыю і сварыцца з крыўдзіцелем, маюць вышэйшую рызыку адчуць сум або трывогу, чым тыя, хто "дае здачы".
Рыбу назвалі ў гонар ліхадзея з "Уладара пярсцёнкаў"
Новы від паку, выяўлены ў Амазонцы, быў названы ў гонар Саўрана з "Уладара пярсцёнкаў" — Myloplus Sauron. Акрамя незвычайнага жамчужна-белага колеру, у гэтай рыбы ёсць яркія аранжавыя і чорныя плямы, у тым ліку тоўстая вертыкальная чорная паласа, якая нагадала навукоўцам усёвідушчае вока Саўрана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.