Дэпутат Марзалюк агучыў Міністэрству культуры свае пытанні па Курапатах

Дэпутат Марзалюк агучыў Міністэрству культуры свае пытанні па Курапатах

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк звернецца ў Міністэрства культуры, каб яго праінфармавалі па сітуацыі з Курапатамі. Яго цікавіць, чаму былі змененыя ахоўныя межы помніка.

Ігар Марзалюк: “Я збіраюся зрабіць запыт, мне цікава, чым была абгрунтаваная змена ахоўнай зоны. Якія такія абставіны прывялі да таго, каб змяніць гэтую ахоўную зону? Там планавалася зрабіць з’езд з дарогі нібыта. Але калі рабілі такую карэкціроўку, то будаўніцтва не прадугледжвалася, чаму яно ўзнікла тады? Парушаны Генплан пры такім будаўніцтве ці не? Чаму гэта не агучвалася і не абмяркоўвалася? Ранейшую мяжу ахоўных зон рабіла прафесійны гісторык Вольга Кукуня, а цяперашнюю зону — архітэктар, чаму так?”.

Раней дэпутат казаў, што справай вакол змены ахоўных межаў урочышча “Курапаты” мусіць заняцца Следчы камітэт. На яго думку, канфлікт вакол помніка ўзнік праз выканаўчую ўладу на месцах.

“Абвінавачваюць найвышэйшае кіраўніцтва краіны, а на самай справе гэта банальны празаічны гаспадарчы інтарэс. Перакананы, хтосьці моцна націснуў на Мінкульт на ўзроўні органаў выканаўчай улады”, — рэзюмуе Марзалюк.

Пастанова аб змене ахоўных зонаў помніка была падпісана намеснікам міністра культуры Ірынай Дрыга.

Скандал вакол будоўлі каля Курапат узнік праз змену ахоўнай мяжы помніка: там стала можна будаваць. Але забудоўшчык ад праекта забаўляльнага цэнтра каля Курапат адмовіўся праз пратэсты актывістаў і мясцовых жыхароў, якія доўжыліся 15 сутак. Цяпер на “суткі” асуджаюць тых самых актывістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі