Дэсантна-штурмавая рота Сахашчыка знаходзіцца на данецкім напрамку
Беларускія добраахвотнікі / t.me/sahashchik
Беларуская дэсантна-штурмавая рота ў складзе УСУ знаходзіцца на данецкім напрамку. Яна з'яўляецца рэзервам камандзіра адной з асобных штурмавых брыгад. Пра гэта парталу "Зеркало" расказаў яе стваральнік Валерый Сахашчык — прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях абароны і бяспекі.
Фотаздымкі байцоў роты Сахашчык апублікаваў днямі ў сваім тг-канале. Пра колькасны склад роты ён не кажа: "За колькасцю мы не гналіся і не будзем гнацца. У той справе, якую робім мы, першарадным з'яўляецца ўзровень кваліфікацыі, тэхнічнага абсталявання і ўжо потым усё астатняе. Акрамя таго, падобныя дэталі не выдаюцца па прычынах, звязаных з бяспекай".
Як правіла, колькасць роты вар'іруецца ў прамежку ад 30 да 120 чалавек.
Пра дзейнасць байцоў роты Сахашчык гаворыць так: "Мы выконваем задачы там, дзе цяжэй за ўсё, на тых участках, дзе ёсць нейкія праблемы. Нас накіроўваюць для аказання дапамогі падраздзяленням, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Магу вам сказаць, што ўкраінскія дэсантнікі высока цэняць нашу прысутнасць і падтрымку, асабліва ў начны час".
Прадстаўнік Кабінета заяўляе, што да апошняга часу наконт дзейнасці беларускай штурмавой роты вытрымлівалі рэжым маўчання, але цяпер ад яго пачынаюць адыходзіць.
Таксама Сахашчык заявіў, што беларускія вайскоўцы пазітыўна ўспрынялі ягоны заклік, у якім ён нагадаў пра вайсковую прысягу: "З самага пачатку я выказваў думку, і застаюся пры ёй, што мы павінны развязаць праблему ў Беларусі без грамадзянскай вайны, без вызваленчых паходаў якой бы там ні было арміі і без кровапраліцця, прынамсі, вялікага. Я ўпэўнены, што гэта рэальна і што мы гэта зробім".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.