Ва Украіне цяжка паранены экс-алмазавец, які перайшоў на бок народа ў 2020-м
Ігар Чамякін у крапавым берэце / sb.by
Ва Украіне пры выкананні баявога задання быў цяжка паранены экс-капітан беларускага "Алмаза" Ігар Чамякін, піша "Наша Ніва". Ён жывы і ў прытомнасці.
Чамякін абараняў Украіну ад пачатку расійскага ўварвання. Апошнім часам ён ваяваў у "атрадзе Сахашчыка" ў 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе УСУ.
Паводле звестак НН, Чамякіна цяжка паранілі ў спіну напрыканцы траўня. Цяпер праходзіць рэабілітацыю і аднаўляецца, ягоныя канечнасці цэлыя.
Ігар Чамякін — былы афіцэр спецатрада МУС "Алмаз", на момант звальнення служыў у званні капітана. Ён таксама баец ММА.
Выданне піша, што ў жніўні 2020-га Чамякін, як і іншыя алмазаўцы, удзельнічаў у задушэнні народных выступаў і затрыманнях на вуліцах Мінска. Але пасля атрымання загаду затрымаць Марыю Калеснікаву ў верасні 2020-га вырашыў пакінуць службу: палічыў нявартым афіцэра ваяваць сіламі спецпадраздзялення супраць адной жанчыны. Чамякін адмовіўся ад задання і напісаў рапарт на звальненне. Пасля гэтага яго адхілілі ад выканання так званых "задач" і праз некалькі месяцаў звольнілі.
Пазней Чамякін далучыўся да беларускіх падраздзяленняў, якія ваявалі на ўкраінскім баку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.