"ДНР" запускае рэйс у Мінск, Мінсктранс супрацоўнічаць з Данецкам адмаўляецца
21 снежня на сайце "Савета міністраў" "Данецкай народнай рэспублікі" з'явілася абвестка пра два новыя аўтобусныя маршруты. Першы звязвае Данецк з Ніжнім Ноўгарадам, другі — з Мінскам. "Перавозчыкі прайшлі працэдуру ўзгаднення дакументаў у Дэпартаменце аўтамабільнага і пасажырскага транспарту ДНР і заключылі дамовы з ДП "Аўтавакзалы Данбаса". Білеты на новыя рэйсы ўжо прадаюцца ў касах аўтавакзала "Паўднёвы", — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама там паведамляецца, што аўтобус да Мінска будзе выязджаць з Данецка па суботах. Адпраўленне ў 8:30, прыкладны час у дарозе — 38 гадзін.
На мінскім аўтавакзале пра тое, каб прымаць аўтобусы з "ДНР", нічога не чулі. Але патлумачылі: камерцыйныя рэйсы могуць прыбываць і адпраўляцца з іншых месцаў горада, і вакзал можа не мець да гэтага ніякага дачынення.
Затое ў аддзеле знешніх перавозак Мінсктранса Еўрарадыё заверылі, што ніхто не мае права адкрыць маршрут у Мінск без іх ведама:
"Можна ўзгадніць [новы рэйс] з кім заўгодна. Але па правілах аўтамабільных перавозак, перад тым, як дакументы падаюцца ў беларускае Міністэрства транспарту, тарыфны пункт Мінска мусіць быць узгоднены з аператарам пасажырскіх перавозак. А аператарам перавозак па горадзе Мінску з'яўляецца Мінсктранс".
Просьбу аб арганізацыі маршрута з Данецка ў Мінск у Мінсктрансе разглядалі. І адказалі адмовай:
"Паступаў зварот ад грамадзяніна Агурцова з просьбай, каб мы выступілі партнёрам на маршруце "Мінск — Данецк". Але мы адмовіліся. Калі Украіна (Расія) ім выдала дазвол — калі ласка. Але, каб пачаць маршрут, мусіць быць ухвалены двума бакамі, а не адным".
Такім чынам, рэйс з "ДНР" у Мінск, на які ў Данецку ўжо прадаюцца квіткі, з гледзішча мінскіх транспартнікаў абсалютна нелегальны.