Дом Грузіі ў Мінску прапрацаваў два дні і закрыўся. Як так?
Дом Грузіі ў Мінску / Еўрарадыё
24 жніўня ў рамках фестывалю "Тбілісоба" ў Мінску на вуліцы Куйбышава адкрыўся Дом Грузіі. Адкрывалі яго з помпай: стужачку перарэзалі мэр Тбілісі Каха Каладзэ і амбасадар Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелі. А праз два дні Дом Грузіі закрылі.
Аказалася, што адкрыццё было тэхнічным, а для людзей установа павінна была адкрыцца праз месяц, у канцы верасня. Але прыйшоў кастрычнік, а дзверы Дома Грузіі па-ранейшаму зачыненыя. Хоць роўна насупраць увахода ў яго вісіць білборд "Сардэчна запрашаем у Грузінскі Дом". Што ж пайшло не так?
Цяпер унутры ідзе рамонт, і Дом Грузіі выглядае не асабліва гатовым да прыёму гасцей, не то што сапраўдны грузінскі дом. Хіба што келіхі з віном стаяць на століку, проста як у Грузіі. Па словах рабочых, якія рамантуюць памяшканне, Дом Грузіі наўрад ці адкрыецца ў кастрычніку:
"Да адкрыцця яшчэ месяц дакладна. Асноўныя работы зробленыя, але засталіся нюансы, трэба дарабіць столь і так па дробязях".
Івэнт-прадзюсар Надзя Дамкоўская, якая арганізоўвала цырымонію адкрыцця Дома Грузіі ў жніўні, расказвае ў "Фэйсбуку", што адкрыццё было для "афіцыйных асоб":
"24 жніўня ў Мінску прайшла ўрачыстая прэзентацыя Дома Грузіі для афіцыйных асоб і жыхароў Мінска. Пасля гэтага Дом узяў паўзу для дапаўнення ўнутранага ўбрання, каб функцыянаваць на поўную магутнасць".
Пасля адкрыцця Дом Грузіі павінен быць не проста віннай крамай, але і музеем старажытнай культуры грузінскага вінаробства, энатэкай. У ім абяцаюць выставачныя і прэзентацыйныя прасторы, а таксама краму натуральных грузінскіх прадуктаў, рэстаран, вінны склеп і пякарню. У праект ужо ўклалі каля мільёна долараў.