Другі раўнд дэбатаў: Трамп адмаўляе сувязі з Расіяй і пагражае Клінтан турмой

Другі раўнд дэбатаў: Трамп адмаўляе сувязі з Расіяй і пагражае Клінтан турмой

9 кастрычніка ў Вашынгтонскім універсітэце Сэнт-Луіса прайшлі дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзідэнты ЗША Хілары Клінтан і Дональдам Трампам.

"Жарт з распранальні"

Другія тэледэбаты пачаліся з абмеркавання скандалу вакол відэазапісу, на якім Трамп груба і вульгарна выказваецца пра жанчын, паведамляе Бі-бі-сі. У 2005 годзе Трамп хваліўся тым, як ён "заціскаў" жанчын, цалаваў іх і хапаў за інтымныя месцы.

Абараняючыся, мільярдэр паўтарыў, што яго няправільна зразумелі: "Я не казаў, што чапляўся да жанчын. Мне сорамна за тую даўнюю размову." У пятніцу перад дэбатамі рэспубліканец заўважыў, што яго словы былі "жартам з распранальні."

Клінтан сказала, што Трамп – першы кандыдат, чыя адпаведнасць пасадзе прэзідэнта выклікае ў яе сумневы. Дэмакратка ўзгадала рэспубліканцу сексізм і "здольнасць абражаць каго заўгодна."

Трамп ў адказ заявіў, што экс-прэзыдэнт Біл Клінтан "рабіў куды горшыя рэчы" і чапляўся да жанчын на рэгулярнай аснове. Хілары адмовілася абмяркоўваць выказванні Трампа ў дачыненні яе мужа.

Клінтан вінаваціць Крэмль ва ўмяшанні ў перадвыбарную барацьбу ў ЗША

Удзельнікі дыскусіі не абышлі ўвагай і тэму адносін з Расіяй. Так, Хілары Клінтан абвінаваціла Маскву ва ўмяшанні ў перадвыбарную барацьбу ў ЗША, паведамляе Deutsche Welle. Яна сказала, што, па дадзеных амерыканскай выведкі, расійскі ўрад накіроўвае кібератакі на амерыканскія серверы, каб уплываць на зыход выбараў.

"У гісторыі ЗША ніколі не было такога, каб нашы праціўнікі настолькі хацелі паўплываць на нашы выбары. І яны гэта робяць не для таго, каб мяне абралі. Яны хочуць, каб абралі Трампа. Можа быць, таму, што ён пахваліў Пуціна. Можа, таму, што Трампу падабаюцца многія рэчы, якія робіць Пуцін", — заявіла Клінтан.

Калі размова пайшла пра сірыйскі канфлікт, кандыдат ад дэмакратаў адзначыла агрэсіўнасць дзеянняў Расіі ў Сірыі. Паводле яе слоў, расійская авіяцыя хоча знішчыць Алепа, каб разграміць рэшткі апазіцыі, якая змагаецца з Асадам. Клінтан паабяцала ў выпадку перамогі на выбарах ініцыяваць расследаванне ваенных злачынстваў, учыненых у Сірыі рэжымам Асада і Расіяй.

"Яна жорстка крытыкуе Пуціна і Асада і падтрымлівае паўстанцаў Але яна не ведае, хто гэтыя паўстанцы. Мы пастаўляем зброю паўстанцам, а яны становяцца толькі горшымі, — запярэчыў Трамп. Ён настойвае, што ў яго няма ніякіх сувязяў з Расіяй — Я нічога не ведаю пра Расію, у мяне няма ніякага бізнесу ў Расіі ці з Расіяй."

Трамп прыгразіў Клінтан турмой

Адным з самых адкрытых нападаў Трампа на Клінтан сталі словы пра тое, што яна павінна сядзець у турме за выкарыстанне асабістай электроннай пошты для службовай перапіскі на пасадзе кіраўніка Дзярждэпартамента ЗША.
Трамп заклікаў Клінтан папрасіць у амерыканцаў прабачэння за гэта, што яна і зрабіла падчас дэбатаў.

"Гэта была памылка, і я бяру на сябе поўную адказнасць за гэта, за выкарыстанне асабістай электроннай пошты. Я не шукаю апраўданняў, гэта была памылка", — сказала кандыдат ад дэмакратаў.

У канцы дэбатаў, адказваючы на пытанні публікі, сапернікі былі вымушаныя сказаць і некалькі добрых слоў адзін пра аднаго. Клінтан сказала, што паважае дзяцей Трампа: "Яго дзеці неверагодна здольныя і адданыя, я думаю, гэта шмат кажа пра Дональда". Падзякаваўшы за гэтыя словы, Трамп назваў яе "змагаром": "Яна не кідае пачатае і не здаецца. Гэта я паважаю ў ёй".

На думку каментатара тэлекампаніі CNN, Дональд Трамп выступіў больш паспяхова, чым у першыя дэбаты, якія прайшлі двума тыднямі раней. Тым не менш, згодна з экспрэс-апытаннем, у другім раўндзе дэбатаў перамагла Хілары Клінтан, набраўшы 57 адсоткаў галасоў. За Дональда Трампа прагаласавалі 34 адсоткі тэлегледачоў.

Трэція і апошнія тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты ЗША пройдуць 19 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі