"Дурная палітыка": чаму беларусы з'язджаюць з Літвы?

Чаму беларусы пакідаюць Літву

Чаму беларусы пакідаюць Літву / Калаж Улада Рубанава / Еўрарадыё

Беларуска Ксенія пражыла ў Літве тры гады, але гэтай вясной з'ехала ў Варшаву. Апошнім часам некалькі яе знаёмых таксама пераехалі з Літвы ў іншыя краіны — "з вельмі розных прычын". Паводле звестак на кастрычнік 2024 года, літоўскія віды на жыхарства мае крыху больш чым 61 тысяча беларусаў. Яшчэ паўгода таму іх было на паўтары тысячы больш.

Дык што ж прымушае беларусаў пакідаць Літву? Расказвае "Новая газета. Балтыя".

Ксенія Малюкова, беларуская актывістка і феміністка, прыехала ў Літву ў канцы 2020 года, ратуючыся ад пераследу з боку ўладаў.

"У Літву пераехала мая сяброўка, я паехала за ёю. У той час вельмі хацелася быць побач з блізкімі людзьмі, каб неяк падтрымліваць адно аднаго ў гэтым нялёгкім эмігранцкім шляху", — тлумачыць Ксенія.

"Глупая политика": почему белорусы уезжают из Литвы?
Ксенія Малюкова / асабісты архіў

У Літве беларуска атрымала часовы від на жыхарства з гуманітарных прычын. Да студзеня 2024 года такія ВНЖ выдаваліся на год, а цяпер беларусы іх атрымліваюць на тры гады. Але Ксенія такі дакумент афармляць не стала, бо вырашыла з'ехаць жыць да свайго хлопца ў Польшчу.

"Мне вельмі падабаецца Літва, я называю гэтую краіну сваім другім домам. Асабіста я ні разу не сутыкнулася з кепскім стаўленнем да мяне праз маю нацыянальнасць. Хоць, вядома, пра ўзмацненне жорсткасці палітыкі Літвы ў дачыненні да беларусаў я ведаю. Але, шчыра, без паняцця, як гэта каментаваць. Я заўсёды трымаю ў галаве, што я белая прывілеяваная беларуска, а не жанчына з Афганістана, Ірана, Ірака; што я не пераплывала ніякай жудаснай ракі, не спала пад калючым плотам. Мне ўсё роўна прасцей. Бо глабальна міграцыйная палітыка да людзей, якія не падобныя да белых еўрапейцаў, вельмі адрозніваецца", — кажа Ксенія.

Дурная палітыка

Беларус Васіль Верамейчык наогул не змог атрымаць від на жыхарства ў Літве — яго прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы за службу ў беларускім войску. У званні лейтэнанта Верамейчык звольніўся з войска 8 гадоў таму, у 2016-м.

У 2020-м Васіль удзельнічаў у пратэстах. Праз некалькі месяцаў пасля затрымання разам з жонкай і дачкой з'ехаў ва Украіну, дзе вясной 2022 года пайшоў ваяваць супраць Расіі.

"У Літву я прыехаў у канцы 2022 года. Сюды па блю-кард пераехалі мае жонка і дачка, жонка працавала ў IT-кампаніі. Я не хацеў падавацца на бежанства, нібыта чагосьці прасіць. Вырашыў атрымліваць часовы від на жыхарства праз блю-кард жонкі", — распавядае Верамейчык.

Праз паўгода, у траўні 2023-гаа, Васілю патэлефанавалі з паліцыі і паведамілі пра адмову ў ВНЖ на падставе прызнання яго "нацыянальнай пагрозай Літве".

"Верамейчык, запаўняючы анкету Дэпартамента міграцыі, паведаміў, што з 2010 да 2016 года служыў у войску Рэспублікі Беларусь, а ў 2022 годзе — ва Узброеных сілах Украіны. Паводле ацэнкі VSD, служба ў беларускім войску прадугледжвае яго лаяльнасць Рэспубліцы Беларусь і падтрымку яе агрэсіўнай замежнай палітыкі, што ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы", — сказана ў рашэнні.

"Глупая политика": почему белорусы уезжают из Литвы?
Васіль Верамейчык / асабісты архіў

Навіна заспела Васіля ў Грузіі. Абскардзіць рашэнне ён не паспеў. У выніку заехаць у Літву і краіны Шэнгена ён больш не можа. Яго жонка і дачка дагэтуль у Літве, сам жа ён знаходзіцца ў адной з краін Паўднёва-Усходняй Азіі, працуе ў сферы IT.

"Я лічу, што палітыка Літвы ў дачыненні да беларусаў выглядае па-дурному. Краіна страчвае велізарную колькасць людзей, якія не на дапамогі жылі, а забяспечвалі сябе, плацілі падаткі. IT-кампаніі амаль перасталі рэлакаваць у Літву людзей, усе спрабуюць кудысьці перавесці свае офісы. Адмаўляючы ў легалізацыі людзям, якія ваявалі ва Украіне супраць Расіі, Літва страчвае і людзей з вайсковым досведам — тых, хто б мог яе абараняць", — упэўнены Васіль.

Толькі за 9 месяцаў гэтага года ў дазволе на жыццё і працу ў Літве адмовілі амаль 36 тысячам замежнікаў. Заязджаць у Літву забаранілі амаль 6 тысячам — гэта ў два разы больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Пры гэтым Дэпартамент міграцыі ў адказ на запыт "Новай газеты. Балтыя" паведаміў, што колькасць беларусаў, якім не падоўжылі ўжо дзейны від на жыхарства, зніжаецца. Сёлета такіх было 316 чалавек. Летась — 414.

"Улічваючы, што цяпер ужо сярэдзіна кастрычніка, малаімаверна, што сёлета колькасць адмоваў дасягне паказчыкаў 2023 года", — адказаў Дэпартамент.

"Узрадаваўся, што няма прычын заставацца"

Айцішнік І. (імя ёсць у рэдакцыі) прыехаў у Літву ў 2021 годзе, яго кампанія рэлакавала работнікаў у Літву, Грузію і Польшчу. І. выбраў Літву, бо "паддаўся ўгаворам жонкі, якая вельмі любіць Вільню". У Літве муж і жонка атрымалі віды на жыхарства. Больш за два гады сям'я жыла і працавала ў Вільні:

"Не магу сказаць, што Вільня мне вельмі падабалася. Брыдкае надвор'е, не вельмі добрыя дарогі, а ўся прыгажосць — толькі ў цэнтры горада, ускраіны — гэта тыя ж савецкія старыя панэлькі, шэрасць і адсутнасць інфраструктуры. Але Вільня прыйшлася дасбадобы жонцы, таму мне давялося толькі зразумець і прыняць. Праз паўтара года жыцця мы пачалі прыглядаць сабе кватэру для куплі, увогуле, збіраліся канчаткова асталявацца ў Літве".

Але не склалася. Від на жыхарства І. быў ануляваны, а ён сам прызнаны пагрозай нацыянальнай бяспецы.

"Каля дзесяці гадоў таму я працаваў у Дэпартаменце аховы, а гэта структура беларускага МУС. Літва ацаніла маю працу ў ахове як лаяльнасць Лукашэнкі. Гэта вельмі смешна, бо ў маёй сям'і нават бабулі і дзядулі ніколі за яго не галасавалі і не прымалі, а мае бацькі яго ненавідзелі. Я вырас з такімі ж устаноўкамі".

Падаваць апеляцыю І. не стаў.

"Я нават узрадаваўся, што ў мяне больш няма прычын заставацца ў Літве. А вось для жонкі гэтая навіна стала вельмі кепскай".

Літвінізм як апошняя кропля

Яшчэ адна айцішніца з Беларусі — М. - пакінула Літву добраахвотна:

"Я знайшла працу ў Германіі і з'ехала праз год дзесьці. Мне не падабалася ў Літве літаральна ўсё: цэны, дарогі, руская мова ўсюды (М. жыла ў Вільні), абмежаваная колькасць напрамкаў, куды лётаюць лаўкосты. Я зразумела, што гэта зусім не мая краіна, напэўна, на другі месяц жыцця ў ёй. А так званы "літвінізм" стаў апошняй з апошніх кропель".

"Глупая политика": почему белорусы уезжают из Литвы?
Гара Гедыміна ў Вільні / Еўрарадыё

Беларус Максім Маханькоў, бізнес-аналітык IT-кампаніі, праводзіў даследаванне пра сітуацыю з беларускімі айцішнікамі ў Літве:

"Я вывучаў, як сек'юрытызацыя [успрыманне беларусаў і Беларусі як пагрозы ў літоўскім грамадстве. — Рэд.] уплывае на прафесійныя планы беларускіх айцішнікаў, якія прыехалі сюды пасля 2020 года".

Максім апытаў 15 работнікаў рознага ўзросту, полу і статусу.

"Агульная выснова — што гэтая сек'юрытызацыя ўплывае на іх прафесійныя планы, людзі часцей думаюць пра новыя магчымыя кірункі для міграцыі, не адчуваюць сябе ў бяспецы ў Літве. Але нельга сказаць, што гэта вядзе непасрэдна да масавага выезду людзей. Больш за ўсё мяне здзівіла, што людзі адчувалі на сабе сек'юрытызацыю з боку літоўскай дзяржавы і палітыкаў, але ніводзін чалавек не заўважыў пагаршэння стаўлення да іх з боку знаёмых літоўцаў".

З 15 апытаных з Літвы планавалі з'ехаць двое. Пры гэтым наступнай краінай для эміграцыі людзі не выбіралі найбліжэйшыя краіны, як іх называе Максім, краіны "з цэнтральнаеўрапейскай траўмай".

"Беларускія айцішнікі з літоўскім досведам разглядаюць больш далёкія напрамкі: або заходнія краіны (Германія, Партугалія), або ЗША. Людзі адчуваюць траўмы літоўскага грамадства, звязаныя з акупацыяй у мінулым, з тым, што цяпер Літва побач з лініяй фронту і краінамі з агрэсіўнымі рэжымамі. І разумеюць, што сітуацыя, да прыкладу, у Польшчы, наўрад ці будзе істотна адрознівацца. Таму шукаюць краіны, якія не траўмаваныя шалёным суседам", — тлумачыць эксперт.

Дакладна не Літва


Доктарка вузкай спецыялізацыі А. (імя ёсць у рэдакцыі) у Літву трапіла праз плот. Пералезці яго стала адзіным шляхам для выратавання ад рэпрэсій беларускага рэжыму. У Літве А. атрымала статус бежанкі і пастаянны від на жыхарства на 5 гадоў. Але неўзабаве пасля легалізацыі з'ехала.

"Калі б я магла выбраць краіну для жыцця па-за Беларуссю, гэта дакладна была б не Літва. Прычына простая: тут вельмі складана аднавіць медыцынскую практыку. Патрэбны высокі ўзровень ведання літоўскай мовы. Сярод маіх калегаў не аказалася нікога, хто змог бы стаць доктарам менавіта ў Літве — усе з'ехалі ў Польшчу".

Цяпер А. жыве ў Польшчы, вучыць мову і спрабуе працаўладкавацца, каб атрымаць ужо польскі від на жыхарства.

"Думаю, хутка змагу пачаць працаваць"

Яшчэ адна беларуска, Ганна, дома працавала медсястрой. У 2021 годзе ў Літву прыехала да сваякоў. Ганна змагла знайсці працу толькі на фабрыцы. Гэта была нізкакваліфікаваная, але стабільная і афіцыйная праца.

"Нейкі час я яшчэ спадзявалася вывучыць літоўскую да такога ўзроўню, каб працаваць медсястрой, хадзіла на курсы, у гутарковыя клубы. А потым мяне запрасілі сябры-ўкраінцы ў Польшчу, дзе яны адкрылі свой медыцынскі кабінет. Я тут амаль паўтара года і ўжо вывучыла польскую да ўзроўню В2, настрыфікавала свой дыплом і вярнулася ў прафесію".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі