Два "рэйкавыя партызаны" з Бабруйска асуджаны на 22 гады зняволення

Уладзімір Аўрамцаў, Яўген Мінкевіч і Дзмітрый Клімаў / spring96.org
Уладзімір Аўрамцаў, Яўген Мінкевіч і Дзмітрый Клімаў / spring96.org

Агучаны прысуд тром "рэйкавым партызанам" з Бабруйска. Іх затрымалі ў ноч на 30 сакавіка 2022-га. Сілавікі адкрывалі агонь на паражэнне, адзін з групы быў паранены ў нагу. Дзмітрый Клімаў і Уладзімір Аўрамцаў асуджаны на 22 гады пазбаўлення волі кожны, Яўген Мінкевіч — на 1,5 года зняволення, трапіў пад амністыю і ўжо адбыў тэрмін. 

Беларускія праваабаронцы яшчэ раней прызналі іх палітвязнямі.

Крымінальная справа разглядалася ў закрытым ржыме. Магілёўскі абласны суд (суддзя — Ігар Шведаў) прызнаў "рэйкавых партызан" вінаватымі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў "тэрарызме" і "здрадзе радзіме" — у правядзенні акцыі пад Асіповічамі, дзе былі спалены дзве рэлейныя шафы сігнальнай устаноўкі на чыгунцы. Схапілі ж іх падчас падрыхтоўкі да новай дыверсіі (паранены быў Клімаў). Беларускія "рэйкавыя партызаны" дапамагалі Украіне, ствараючы перашкоды для транспартавання па чыгунцы ў Беларусі расійскіх войск і тэхнікі. Пра іх летась пісалі многія сусветныя СМІ.

Аўрамцаў вучыўся ў бабруйскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, працаваў трэнерам у фітнес-цэнтры. Клімаў у 2017-2018 гадах працаваў у Калінкавіцкім дэпартаменце аховы, быў прапаршчыкам міліцыі, пазней звольніўся, працаваў таксістам і кіроўцам. Мінкевіч скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву, працаваў санітарам у хуткай дапамозе, пазней быў таксістам.

Два "рэйкавыя партызаны" з Бабруйска асуджаны на 22 гады зняволення
Два "рэйкавыя партызаны" з Бабруйска асуджаны на 22 гады зняволення
Два "рэйкавыя партызаны" з Бабруйска асуджаны на 22 гады зняволення

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі