Сярод затрыманых "рэйкавых партызанаў" — былы міліцыянт

Сярод затрыманых "рэйкавых партызанаў" — былы міліцыянт

Ніводзін з затрыманых бабруйскіх "рэйкавых партызанаў" не меў дачынення да чыгункі, піша найстарэйшая беларуская газета, прызнаная экстрэмісцкай.

Як паведамляла МУС, трох жыхароў Бабруйска затрымалі са стралянінай у ноч на 30 сакавіка, калі яны ладзілі дыверсію на чыгунцы. 

28-гадовы Яўген Мінкевіч вучыўся ў бабруйскай школе алімпійскага рэзерву, Завочна скончыў факультэт фізічнай культуры Мазырскага педуніверсітэта.

Абвесткі пра яго знікненне пасля 30 сакавіка з'явіліся ў мясцовых пабліках: некалькі дзён хлопца шукалі валанцёры атрада "Фенікс". Паведамляецца, што звесткі пра Мінкевіча ў "Феніксе" атрымалі толькі сёння, хаця валанцёры ў пошуках шчыльна супрацоўнічаюць з міліцыяй і МНС. Атрымліваецца, што цэлы тыдзень сілавікі не давалі ім ніякай інфармацыі пра затрыманага Мінкевіча, які лічыўся зніклым.

Паведамляецца, што Мінкевіч працаваў санітарам на хуткай, потым кіроўцам. Жанаты, мае малое дзіця. 

Уладзіміру Аўрамцаву 27 гадоў. Ён займаўся грэка-рымскай барацьбой, грэплінгам. Працаваў трэнерам, настаўнікам фізічнай культуры.

Яго бацька Аляксандр раней працаваў у міліцыі, ў аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Таксама бацька ўваходзіў у мясцовы казачы конна-спартовы клуб. 

Трэці затрыманы — 28-гадовы Дзмітрый Клімаў. Ён займаўся сэрвісам таксі, быў рэгіянальным прадстаўніком у Бабруйску.

Клімаў — былы міліцыянт, працаваў у Калінкавіцкім аддзеле дэпартамента аховы. Пасля гэтага сышоў у таксісты. Пэўны час Клімаў і Мінкевіч працавалі ў адной транспартнай кампаніі.

Клімаў жанаты, мае малое дзіця.

Сярод затрыманых "рэйкавых партызанаў" — былы міліцыянт
Яўген Мінкевіч
Сярод затрыманых "рэйкавых партызанаў" — былы міліцыянт
Уладзімір Аўрамцаў
Сярод затрыманых "рэйкавых партызанаў" — былы міліцыянт
Дзмітрый Клімаў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі