Дырэктар "Паліміра" назваў сітуацыю на прадпрыемстве правальнай
2015 год для наваполацкага завода "Палімір" з'яўляецца вельмі складаным. Пра гэта заявіў гендырэктар прадпрыемства Алег Жэбін, выступаючы перад работнікамі завода.
Як піша газета "Вестник Нафтана", кіраўнік прадпрыемства назваў сітуацыю на заводзе правальнай. Пра яго словах, да гэтага спрычыніліся некалькі прычынаў. Па-першае, нездавальняючая якасць рамонту другой чаргі вытворчасці "Поліэтылен" з прыпыненнем вытворчага цыкла. Па-другое, адсутнасць належнага кантролю з боку кіраўнікоў, у тым ліку — за падрыхтоўкай і якасцю рамонтных работаў. Трэцяй прычынай гендырэктар назваў нізкі ўзровень тэарэтычнай і практычнай падрыхтаванасці асобных работнікаў.
У выніку завод не атрымаў запланаваны прыбытак, а для калектыву прадпрыемства былі зніжаныя прэміі.
Жэбін мяркуе, што сёньня "Паліміру" патрабуюцца кардынальныя змены. Ён лічыць першачарговай задачай завода будаўніцтва ўстаноўкі, якая дазволіць істотна нарасціць вытворчыя магутнасці. Цяпер разглядаецца варыянт супрацоўніцтва з рознымі інжынірынгавымі і будаўнічымі кампаніямі.