Дысідэнт з 6-га "А": што робяць у Расіі з дзецьмі са сваім меркаваннем пра вайну

Жыхар горада Буча пад Кіевам ідзе міма спаленай расійскай тэхнікі. 6 сакавіка 2022 года / "Настоящее время"
Жыхар горада Буча пад Кіевам ідзе міма спаленай расійскай тэхнікі. 6 сакавіка 2022 года / "Настоящее время"

Гэта гісторыя пра тое, што адбываецца ў расійскіх школах у часе вайны, якую Расія распачала супраць Украіны. Калі 12-гадовае дзіця мае сваё меркаванне наконт "ваеннай спецаперацыі", яго "здасць" настаўнік, а потым паліцэйскія адключаць святло ў кватэры, дзе ён жыве з бацькамі. "Новая газета" пагаварыла з хлопчыкам і яго мамай.

Кірыл (прозвішча не называем па просьбе мамы) вучыцца ў 6-м класе маскоўскай школы (нумар ёсць у рэдакцыі). Яго мама Наталля кажа, што ў хлопчыка ўкраінскія карані, ён наведваў Украінскі культурны цэнтр. Тое, што цяпер адбываецца паміж Расіяй і Украінай, прычыняе яму боль.

У пятніцу, 4 сакавіка, у шасцікласнікаў быў звычайны ўрок гісторыі. Сам Кірыл расказвае так пра тое, што адбывалася:

— Настаўніца сказала: "Увогуле з шасцікласнікамі гэта не абмяркоўваецца, але калі хочаце зразумець, што адбываецца, то задавайце пытанні". І я стаў задаваць пытанні. Я спытаў: "Чаму Пуцін [пачаў "спецаперацыю"]?" На гэта настаўніца адказала, што гэта "спецаперацыя". Яна сказала: "Я дакладна не ведаю, дзе цяпер знаходзяцца нашы войскі, але калі б яны спыніліся на паўдарозе, то агрэсія Украіны б працягнулася". Невялікая частка класа была на маім баку, яны таксама задавалі пытанні. Настаўніца сказала: "Спецыялісты Украіны і ЗША цяпер робяць фэйкавыя допісы, кажуць, што на мітынгах збіваюць людзей. Але мітынгі павінны быць узгодненымі". Я спытаў: "Як можна ўзгадніць з урадам мітынг супраць дзеянняў самога ўрада?" Яна мне толкам не дала адказу.

Пасля гэтага я задаў пытанне, навошта гэта наогул хтосьці пачаў і калі гэта ўсё скончыцца? Яна сказала, што пачала гэта Украіна, а скончыцца, калі Украіна капітулюе.

Яна казала яшчэ нам, што ва ўкраінцаў квітнее нацызм, што з першага класа ў падручніках пішуць, што Украіна — гэта звышдзяржава. У мяне шмат сяброў з Украіны, я пытаўся ў іх, — у іх няма гэтага ў падручніках.

Пасля гэтага, як расказвае Кірыл, ён пайшоў на іншы ўрок і закрычаў у калідоры: "Слава Украіне!" Некаторыя з тых школьнікаў, якія сядзелі ў калідоры, адгукнуліся слоганам у адказ.

Гэтая фронда шасцікласнікаў не прайшла незаўважанай.

Мама Кірыла расказвае, што ёй на WhatsApp патэлефанавалі з незнаёмага мабільнага: "Нумар чужы, на аватарцы кошка. Жаночы голас, не прадставіўшыся, кажа, што тэлефануе наконт маёй дачкі. Я яшчэ пажартавала, што я, можа быць, настолькі дрэнная маці, што не ведаю, што ў мяне ёсць дачка. А, кажуць, то-бок наконт вашага сына. Прыходзьце пагутарыць у паліцыю. Я сказала: "Выклікайце позвай, я прыеду. Больш не адказвала на званкі з незнаёмых нумароў".

Наступнай раніцай, каля дзесяці гадзін, ёй патэлефанавала класная кіраўніца сына. Яна запрасіла Наталлю прыйсці ў школу да дванаццаці гадзін дня. Растлумачыла, што супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх хочуць правесці з сынам і з ёй гутарку.

Наталля прыехала ў школу і напісала заяву, што забірае сына "ў сувязі з тым, што на дзіця аказваюць ціск і ствараюць нязносныя ўмовы для атрымання адукацыі" праз яго палітычныя погляды. Пасадзіла ў таксі і павезла на працу. У школьных дзвярах сутыкнулася з групай паліцэйскіх.

На наступны дзень, у нядзелю, Кірыл быў дома адзін. Мама паехала на працу. У гэты час у кватэру сталі стукаць двое паліцэйскіх, але Кірыл не стаў адчыняць. Яны стукаліся каля паўгадзіны, потым у кватэры адключылі электрычнасць, пакінулі пад дзвярыма позву "аб выкліку на апытанне" і пайшлі. У позве — неразборліва напісаная дата апытання і пагроза "падвергнуць прываду" ў выпадку няяўкі.

— Я сядзеў на ложку і думаў, што зараз будзе, — расказвае Кірыл. — Але не баяўся. Мне нават цікава было, што ў іх там адбывалася. Як яны там вырашаюць: вось у нас тут дванаццацігадовы хлопчык сваё меркаванне выказаў, давайце мы да яго дадому прыйдзем. Вось ён нам не адчыняе, давайце яму святло адключым.

Каму ж прыйшла ў галаву ідэя паскардзіцца на нядобранадзейнага шасцікласніка ў паліцыю? У сям'і — даўні канфлікт са школай. Мама цяпер лічыць за лепшае мець зносіны з адміністрацыяй пісьмова. Але ўсё-ткі лічыць, што перш чым звяртацца ў паліцыю, можна было хоць бы напісаць або патэлефанаваць ёй. Хто паскардзіўся ў паліцыю, яна не ведае. Класная кіраўніца нібыта таксама не ведае, абяцала ўдакладніць.

Диссидент из 6-го "А": что делают в России с детьми со своим мнением о войне
Населены пункт Барадзянка Кіеўскай вобласці пасля абстрэлу расійскімі войскамі. 3 сакавіка 2022 года / "Настоящее время"

Наталля каментуе: "Мне здаецца, усяму ёсць мяжа. Я разумею, калі б сын кагосьці ўдарыў, траўмаваў, напісаў бы нешта на сцяне. І галоўнае, што цяпер? Мяне абавяжуць трансляваць яму афіцыйны пункт гледжання? А яшчэ, па-мойму, важна і ў такіх складаных умовах дэманстраваць дзецям, што, нават калі пункты гледжання не супадаюць, трэба шукаць мірнае рашэнне, а не выклікаць людзей у форме".

Кірыл спакойна тлумачыць сваю пазіцыю:

— Я лічу, што настаўнікі не маюць рацыі. Нам кажуць, што жыхарам Украіны прамывалі мазгі, а мне здаецца, што мазгі тут прамывалі нам.

Нават у больш мірныя часы дзеці прыносяць у школу проста супрацьлеглыя погляды і перакананні. А ў сітуацыі вострага канфлікту школе згладзіць гэтыя супярэчнасці бывае вельмі цяжка: для гэтага трэба знаходзіць неказённыя словы і чалавечыя падыходы да дзяцей, па чыіх душах праехала танкавымі гусеніцамі "спецаперацыя". Але адпраўляць сваіх уласных вучняў, якія адкрыта выказваюць свае погляды, на перавыхаванне ў паліцыю — гэта, здаецца, новае слова ў сучаснай расійскай педагогіцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі