Дзе даражэйшыя прадукты: у Маскве ці ў Мінску?
Настаўніца з Мінска на заробак купіць на 150 кілаграмаў бананаў менш, чым калега ў Маскве.
Падчас ток-шоу “Справа прынцыпу” на АНТ намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч абвяргае словы расійскага журналіста, які спытаў у Лукашэнкі, чаму ў Беларусі прадукты даражэйшыя, чым у Маскве.
“Якую групу тавараў бралі? Які спажывецкі кошык? Як правіла, бярэцца вызначаны кошык — тое, што чалавек набывае штодзень. І цэны ў Маскве вышэйшыя за беларускія”, — кажа намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. На сайце Мінгандлю нават ёсць статыстыка: цэны ў Мінску ніжэйшыя за маскоўскія на 11%!
Еўрарадыё таксама вырашыла падлічыць кошык у дзвюх сталіцах — Мінску і Маскве.
Выбіраем у краме “ля дома” звычайны набор прадуктаў. У мінскім кошыку малако (10 000 рублёў), хлеб (6400 рублёў), цукар (9950 рублёў), масла сметанковае (180 грамаў — 16 900 рублёў), яйкі (дзясятак — 16 600 рублёў), грэчка (13 000 рублёў), яблыкі (13 900 рублёў), бульба (4700 рублёў), курыца (27 000 рублёў за кіло) і бананы (25 000 рублёў).
З гэтага кошыка за апошні месяц вельмі падаражэлі бананы, грэчка — на 30%, а таксама яйкі — 38%, курыца вырасла ў цане прыкладна на 3%. Цікава, але пакуль не падаражэлі малако, цукар, сметанковае масла, бульба і яблыкі. Чэк за наш набор прадуктаў складае 143 450 рублёў.
А што ў суседзяў? Знаходзім настаўніцу пачатковых класаў у Маскве Ніну Хмяльніцкую. Жанчына кажа, што высокі заробак (каля 36 тысяч расійскіх рублёў) ёй забяспечвае праца ў дзве змены ў школе. Набор яе прадуктаў той жа. Але цэны розныя.
“Моцна падаражэлі бананы! Цяпер каштуюць 99 рублёў, а былі 27! Ёсць розніца? Падаражэлі таксама капуста — цяпер 50 рублёў, а было 16-20 рублёў, агуркі-памідоры — 199, а было ў раёне 77-80 рублёў. Вельмі моцна падаражэлі прадукты!” — абураецца жанчына. Настаўніца расказвае, што цэны яна адсочвае вельмі пільна, фатаграфуе іх на мабільны. Яе кошык складае 151 834 рублі! Розніца — 8300 рублёў.
Ніна заўважае, што цэны ў расійскай сталіцы цягам апошняга месяца выраслі на некаторыя прадукты ўтрая! (гл. табліцу). Заўважаем, што некаторыя прадукты, да прыкладу, бананы, яйкі, курыца, у маскоўскіх крамах нават таннейшыя, чым у мінскіх! Пра беларускія падаражанні прадуктаў настаўніца ведае.
“У мяне калега з Мінска. Яна ездзіла на гэтых выходных да маці і заўважыла, што цэны вельмі выраслі. Цяпер у вас такія ж цэны, як і маскоўскія”, — кажа настаўніца.
Яна прызнаецца, што калегі ў Маскве атрымліваюць у сярэднім (на 1,5 стаўкі) каля 35-37 тысяч расійскіх рублёў (ці 8,4 мільёна на беларускія грошы).
Падлічваем, што на гэты заробак маскоўская настаўніца набудзе на 150 кілаграмаў бананаў болей, чым мінская з сярэднім заробкам 5,7 мільёна.
Табліца. Цэны ў Мінску і Маскве на 13.02.2015 г. Цэны ўзятыя ў крамах ля дома, курс расійскага рубля — 234 Br.
Прадукты\цэны |
Мінск |
Масква |
Цукар, кг |
9950 |
11 700 |
Хлеб |
6400 |
7020 |
Бананы, кг |
25 000 |
21 294 |
Малако |
10 000 |
11 700 |
Грэчка |
13 000 |
13 920 |
Курыца |
27 000 |
25 000 |
Яйкі (1 дзясятак) |
16 600 |
15 678 |
Масла сметанковае |
16 900 |
16 380 |
Бульба, кг |
4700 |
10 998 |
Яблык, кг |
13 900 |
18018 |
Агульная сума |
143 450 |
151 708 |