Дзе падлетку працаваць у Беларусі летам і колькі можна зарабіць

Ва ўсе часы ёсць праца на будоўлі, але акрамя гэтага у падлеткаў ёсць магчымасці падзарабіць летам / Adobe Stock
Ва ўсе часы ёсць праца на будоўлі, але акрамя гэтага у падлеткаў ёсць магчымасці падзарабіць летам / Adobe Stock

Хтосьці плануе на лета адпачынак, а хтосьці — падпрацаваць. Падлеткам у Беларусі можна самастойна зарабляць грошы з 14 гадоў. Вядома ж, існуюць абмежаванні: напрыклад, ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў нельга працаваць больш за 4,5 гадзіны ў дзень.

— Шчыра кажучы, я проста не хачу працаваць бясплатна ў бацькоў на вёсцы. У іх няма магчымасці дапамагчы мне грашыма, а я б, напрыклад, набыў сабе красоўкі, якія я хачу, заплаціў за анлайн-курсы. Таму я шукаю падпрацоўку на лета, — расказвае 15-гадовы суразмоўца Еўрарадыё.

Хіба што самая папулярная праца для падлеткаў — раздаванне ўлётак і расклейванне абвестак. Колькі часу на гэта выдаткаваць, вызначае сам працаўнік, таму гэты занятак можна сумяшчаць з вучобай або іншай працай.

Калі быць дастаткова шустрым, можна няблага зарабіць.

— Калі працаваць 3-4 гадзіны на дзень, за месяц можна зарабіць нават больш за 1000 рублёў. Я рабіў хітра: дамаўляўся з двума рознымі іпэшнікамі — проста клеіў па адным адрасе адразу две абвесткі. Усе былі задаволеныя, — усміхаецца падлетак.

За раздаванне ўлётак на вуліцы з прапановай пакаштаваць піцы плацяць да 500 рублёў за месяц.

Іншы папулярны варыянт, але ўжо для старэйшых студэнтаў — падпрацоўка ў кавярні.

— На барысту мы не бяром непаўналетніх — толькі працэс навучання зойме паўтара-два месяцы, а непаўналетнія, як правіла, шукаюць працу на кароткі тэрмін, на канікулы. Але 15-гадовых мы час ад часу бяром на пасаду работніка залы: прынясі-занясі-памый-расстаў, — расказвае Еўрарадыё менеджар сеткі кавярняў у Мінску.

Такая праца аплачваецца пагадзінна. Сярэдняя стаўка — 2,5-3,5 рубля, у абласных цэнтрах менш, чым у Мінску. То-бок у кавярні Магілёва або Гродна за 100 гадзін працы пасля выліку падатку падлетак атрымае 236,8 рубля. Гэта невялікія грошы, але таксама магчымасць прабавіць час у моладзевым калектыве, падглядзець на працу барыстаў і афіцыянтаў і зразумець, як працуе грамадскае харчаванне.

Дзе падлетку працаваць у Беларусі летам і колькі можна зарабіць

У чэрвені самы сезон для збору трускавак – кажуць, у полі можна нядрэнна зарабіць / Еўрарадыё

У чэрвені самы сезон для збору трускавак – кажуць, у полі можна нядрэнна зарабіць / Еўрарадыё

Ахвотна запрашаюць падлеткаў на працу вела- або пешым кур’ерам. Напрыклад, тая ж дастаўка піцы або сушы. За месяц прапануюць заробак ад 500 да 1200 рублёў.

Ва ўсе часы патрэбныя працоўныя рукі на будоўлі. Падлеткам не могуць даручыць цяжкую працу і працу, звязаную з механізмамі, але штосьці кшталту прынясі-прыбяры дапушчальнае. Рознарабочым і дапаможным рабочым у Беларусі плацяць 600-1500 рублёў за месяц. Заробак залежыць ад складанасці працы і адказнасці супрацоўніка.

— Такую працу лепш шукаць праз знаёмых. Можа, хтосьці мае сваю пілараму або будуе дом на лецішчы — тады дакладна не падмануць і дадуць нармальна грошай. Сур’ёзныя вялікія арганізацыі з падлеткамі не хочуць звязвацца, а праца па аб’яўках у тэлеграм-чатах ненадзейная, там могуць і кінуць, — дзеліцца досведам студэнт каледжа.

Асабліва прадпрымальныя падлеткі наладжваюць ці рамантуюць тэхніку (камп’ютары, тэлефоны) або купляюць тэхніку з дэфектамі, рамантуюць і перапрадаюць.

Вельмі папулярная праца сярод падлеткаў на вёсцы і ў малых гарадах — збор ягад. Фермеры часта даволі ахвотна бяруць на дапамогу аднавяскоўцаў або актыўных і працавітых падлеткаў. Аплата ў кожнага наладжаная па-свойму: хтосьці падлічвае кілаграмы сабраных ягад, хтосьці — гадзіны працы. Сярэдняя пагадзінная стаўка — 3 рублі.

Але ў высокі сезон за дзень часта аплата павялічваецца, і можна зарабіць да 50-60 рублёў ці больш. Але тут праца пачынаецца вельмі рана, у 6-7 гадзін раніцы, і вельмі важна быць акуратным, каб ягады не страцілі таварнага выгляду.

 

Дзе падлетку шукаць працу?

Пачаць можна са знаёмых — распытаць іх, ці не шукаюць яны памочніка або ці не ведаюць, хто ўзяў бы падлетка на падпрацоўку. Таксама вартыя ўвагі тэлеграм-чаты з вакансіямі і нават абвесткі на пад’ездах і прыпынках. Можна прагледзець вакансіі і размясціць аб’яўку пра пошук працы на “Куфары”.

Таксама варта пацікавіцца вакансіямі для тых, у каго няма досведу, на сайтах па пошуку працы. А часам спрацоўвае высакароднае нахабства — проста прыйсці да працадаўцы і прапанаваць сваю кандыдатуру на пэўную ролю. Падлеткі кажуць, што часам асабістая харызма спрацоўвае.

Дарэчы, прапануе працу падлеткам і дзяржаўны БРСМ. Дакладней, абяцае дапамагчы з пошукам. Каб яны падабралі вакансію, трэба на сайце арганізацыі запоўніць анкету.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі