Дзень нямецкай эканомікі збярэ ў Мінску бізнесменаў з Германіі
Ён будзе прысвечаны супрацоўніцтву Беларусі і Нямеччыны ў энергетычнай і навакольнай сферах
У Менску стартануў Тыдзень Нямеччыны – дзясяткі культурных мерапрыемстваў да 14 кастрычніка. З яго праграмай можна пазнаёміцца на сайце Амбасады. А праз тыдзень пройдзе 4-ы Дзень нямецкай эканомікі.
Гэтым мерапрыемствам была прысвечаная адмысловая прэс-канферэнцыя 4 кастрычніка.
Намеснік нямецкага амбасадара Пэтэр Дэттмар, старшыня Нямецкага эканамічнага клуба Клаўс Байер, старшыня Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Ўладзімір Аўгусцінскі.
Уладзімір Аўгусцінскі:
"4-ы Дзень нямецкай эканомікі будзе перадусім прысвечаны супрацоўніцтву
Беларусі і Нямеччыны ў энергетычнай і навакольнай сферах. Энергетыка –
гэта стратэгічны кірунак эканамічнай палітыкі Беларусі, як з гледзішча
энергетычнай бяспекі, так і ўстойлівага эканамічнага развіцця".
12-15
кастрычніка ў Беларусь прыедзе дэлегацыя нямецкіх бізнэс-колаў. Паездка
прымеркавана і да XV Беларускага энергетычнага і экалагічнага форума.
Уладзімір Аўгусцінскі: "Гэта
вельмі прадстаўнічая дэлегацыя, каля 20 фірм, прычым як вялікіх
сусветнавядомых, так і малога і сярэдняга бізнесу. Тэматыка перамоваў
будзе таксама прысвечаная энергетычнай сферы і выкарыстанню ўзнаўляльных
крыніц энергіі".
Прыклады супольных праектаў у гэтай сферы ўжо ёсць
Уладзімір Аўгусцінскі:
"Адна з кампаній падпісала з мінскім аблвыканкамам дамову пра стварэнне
ветрапарку ў Дзяржынскім раёне з аб'ёмам нямецкіх інвестыцый у чвэрць
мільёна еўра. Іншая – стварае біягазавыя ўстаноўкі і ачышчальныя збудаванні ў Брэсце".
Намесніку
амбасадара Нямеччыны Пэтэру Даттнэру задалі пытанне, ці павялічыла
інвестыцыйную прывабнасць Беларусі ўваходжанне ў Мытны Саюз.
Пэтэр Даттнэр:
"Патэнцыял развіцця адносін вялікі. Але канкрэтныя рашэнні асобны
бізнэсоўца будзе прымаць, калі будуць вядомыя адказы на асноўныя
пытанні. Пакуль бізнэсоўца не мае належных адказаў, што будзе ўяўляць
сабой Агульная эканамічная прастора, калі і як – асобна ці разам –
краіны Мытнага саюза ўвойдуць у Сусветную гандлёвую арганізацыю".
Па
словах нямецкага дыпламата, бізнэсоўцу трэба зарыентавацца, як будзе
выглядаць Агульная эканамічная прастора, да якой рухаюцца Беларусь,
Расія і Казахстан, калі Беларусь увойдзе ў Сусветную гандлёвую
арганізацыю і як будзе развівацца падатковая палітыка.
Уладзімір Аўгусцінскі кажа, што з Агульнай эканамічнай прасторай Беларусь можа атрымаць новы шанец.
"У
рамках Агульнай эканамічнай прасторы Беларусь можа атрымаць новы шанец,
новае акно магчымасцяў, каб стаць больш прывабнай для інвестараў".
Пакуль жа пералік перашкодаў для патэнцыйных інвестараў застаецца ранейшым.
Уладзімір Аўгусцінскі:
"Для кожнага інвестара, і ў першую чаргу для нямецкага, патрэбная ясныя
празрыстыя рамкі для дзейнасці, зніжэнне бюракратычных і
адміністрацыйных бар'ераў, спрашчэнне падатковай сістэмы. 58-е месца ў
рэйтынгу Сусветнага банка – паказчык даволі добры. Але неабходна, каб
рэйтынг быў больш збалансаваным, каб 7-е месца па рэгістрацыі бізнэса не
спалучалася з 184-м па падаткаабкладанні".