Дзесяцігадовае дзіця памерла ў лякарні
Лекары, фота ілюстрацыйнае
Дзесяцігадовая дзяўчынка памерла ў бальніцы ў Старых Дарогах. Дзіця шпіталізавалі ў здавальняючым стане, але праз тры гадзіны дзяўчынка адчула сябе горш і пачала губляць прытомнасць.
Пасля спынення сэрца яе перавялі ў рэанімацыю, але выратаваць не змаглі.
— Гэта шок не толькі для бацькоў, але і для медыцынскіх работнікаў установы аховы здароўя, якія аказвалі яму дапамогу. <...> Лекары-спецыялісты <...> змагаліся за яго жыццё на працягу двух гадзін. Таксама была дадаткова выкліканая спецыялізаваная выязная рэанімацыйная брыгада, але, нягледзячы на ўсе мерапрыемствы, выратаваць дзіця не ўдалося, — сказалі "Мінскай праўдзе" ў Міністэрстве аховы здароўя.
Родны дзядзька памерлай дзяўчынкі расказаў журналісту Onliner сваю версію таго, што адбылося.
— Яе маці (мая родная сястра) сказала, што ў нядзелю пляменніца прачнулася і паскардзілася на дрэннае самаадчуванне: яе ванітавала, балела галава. Таксама была скажоная гаворка — як звычайна бывае пры інсульце. Яны звярнуліся ў прыёмнае аддзяленне раённай бальніцы, сястра папрасіла даць накіраванне на КТ або МРТ: ці мала, сапраўды інсульт.
Дзяжурны лекар сказаў: у дзіцяці інсульту быць не можа, гэта ротавірус. Прапанавалі шпіталізацыю, але сястра, пачуўшы, што з галавой у дачкі ўсё ў парадку, напісала адмову, і яны пайшлі дадому. А ў аўторак дзяўчынцы зноў стала дрэнна. У выніку з тым жа дыягназам (ротавірус) яе гадзін у 18 паклалі ў бальніцу. У 21 гадзіну сястра яе наведвала, усё было нармальна. У 23:45 патэлефанавалі, сказалі, што памерла.
Вынікі судова-медыцынскай экспертызы сям'я даведаецца толькі заўтра. Зараз камісія Міністэрства аховы здароўя і галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама ацэньвае карэктнасць аказання дапамогі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.