Дзіцячыя садкі здаюць металалом, а школьнікі збіраюць па 500 кг макулатуры

Школы, дзіцячыя садкі і аддзелы ідэалогіі збіраюць макулатуру, пластык і нават… метал! Напрыклад, у Гомелі школы здаюць макулатуру тонамі, а садкі метал — кілаграмамі.

Хто і чаму здае макулатуру

У школах збор макулатуры выглядае спаборніцтвам. Лепшаму класу даюць прызы, а настаўніку могуць выпісаць 10% прэміі.

“Мая дачка ў 4 класе, я занёс ёй у школу дзесьці 56 кілаграм макулатуры, — апісвае Кастусь з Гомеля, — Як такога, прымусу няма, але калі звяртаюцца, хочацца дапамагчы. Там жа таксама планы па гэтай макулатуры на школу”.

Але настаўнікі, асабліва класныя кіраўнікі — адказныя за макулатуру. З іх у выніку і пытаюць колькасць сабранага. У мінскай школе, як даведваецца Еўрарадыё ад настаўніка Максіма, збіраюць па 500-600 кілаграм на год з класа. У Гомелі са школы бяруць тону, а ў садках здаюць нават метал.

“Часам садкі здаюць метал, але там няшмат. Калі-нікалі 20 кілаграм прынясуць, — апісваюць у Гомельскім пункце прыёму другсыравіны, — У школах макулатуру здаюць па тоне, нават больш за тону бывае”.

Збіраюць другасную сыравіну і з аддзелаў ідэалогіі. Так, у Клімавічах ідэолагі здаюць па кілаграме макулатуры на месяц. Калі не прынясуць — паперу будзе шукаць кіраўнік.

На сёння кілаграм макулатуры каштуе тысячу. Значыць, з тоны можна займець мільён.

Ці можна адмовіцца і не здаваць ні метал, ні макулатуру

Адмовіцца можна, бо такі збор не прапісаны ні ў Кодэксе аб адукацыі, ні ў іншых адукацыйных законах. У Міністэрстве адукацыі з гэтым пагаджаюцца. Але ўсё адно адмаўляцца не раяць:

“Вы ж разумееце, што гэта гонар класа? Вы не здасце, хтосьці іншы за вас вымушаны будзе здаваць. Ёсць жа калектыўныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Гэта тое самае”.

Красамоўна, што ад лішняй нагрузкі школу і выкладчыкаў абяцалі пазбавіць былы урад, міністр адукацыі і нават кіраўнік краіны. Але нормы па макулатуры існуюць па сёння. Метал жа здаваць — не абавязак і пра нормы нічога не чуваць.

Каму патрэбныя макулатура і металалом

Перапрацоўкай другаснай сыравіны займаюцца камунальныя службы і часткова Белкаапсаюз. Пасля гэта ідзе на папяровыя фабрыкі:

“Гэта ж карысная справа, дзецям распавядаюць. Здаў тону макулатуры — выратаваў гай”, — заахвочваюць у Белкаапсаюзе.

Апроч макулатуры, настаўнікі займаюцца перапісам умоў пражывання дзяцей, арганізоўваюць паходы ў тэатр і кіно і нават складаюць план па захаванасці падручнікаў.

Урад разгружае настаўнікаў: падпіска на “Камуніста” і 600 кг макулатуры

Фота: smartnews.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі