Дзіянаў: Мы будзем працягваць акцыі і глядзець на рэакцыю ўлады

Еўрарадыё распытала пра новы фармат акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” ў аднаго з арганізатараў Вячаслава Дзіянава.

Еўрарадыё: Ці ўсім удзельнікам падабаецца такая прапанова?

110927 Dziajanau s.mp3

Дзіянаў: Я магу сказаць вам так, ні адна з акцый, не было такога, каб яна падабалася ўсім удзельнікам.

Еўрарадыё: Досыць крэатыўная прапанова, але ёсць меркаванні, што гэта будзе праходзіць каля 12-й гадзіны ночы, бліжэй да гадзіны, як можна забяспечыць парадак падчас такой начной маўклівай акцыі пратэсту?

Дзіянаў: Гэта цэнтр горада, усё асветлена. У гэты дзень праходзіць футбольны матч, і ў любым выпадку, там будзе шмат людзей і забяспечыць парадак і інфармаванасць насельніцтва вельмі істотна. У кожным разе, тыя самыя ўлады разлічваюць, што там у гэты дзень будзе шмат людзей, я думаю, што нічога дзіўнага не адбудзецца, калі не будзе правакацыяў з боку той самай улады.

Еўрарадыё: Пасля кожнага футбольнага матча ва ўзмоцненым рэжыме працуе міліцыя. Не баіцеся, што можа быць ужытая сіла з боку сілавых органаў?

Дзіянаў: Ведаеце, матч міжнародны. Лукашэнку зараз трэба атрымаць крэдыт МВФ, я не думаю, што яны будуць зараз выкарыстоўваць сілавыя сродкі, калі краіна знаходзіцца ў такім складаным эканамічным становішчы і, ўлічваючы гэта, мы падкрэсліваем, што нашы акцыі маюць мірны характар.

Еўрарадыё: Некаторыя ўдзельнікі суполкі РПСС на вашым форуме пішуць што фармат гэтай акцыі не зусім шчыры, бо акцыя не самастойна арганізоўваецца, а ўдзельнікі ўліваюцца ў натоўп. Што вы адкажыце на гэта?

Дзіянаў: Забараніць людзям радавацца або не радавацца, неяк паказваць свае эмоцыі ў гэты дзень, калі гуляе каманда, мы ж не заклікаем выкрыкваць нейкія лозунгі, я лічу, што гэта нармальна. Забараніць людзям пляскаць у ладкі – гэта антымаральна. Калі яны лічаць, што гэта несправядліва ці не маральна, запрашаць людзей пляскаць у ладкі, то гэтым людзям тады трэба падумаць, а што ў нашай краіне можна рабіць, і як гэта мяняць?

Еўрарадыё: Не баіцеся, што будзе шмат негатыву з боку сапраўдных заўзятараў, якія не змогуць даехаць дамоў ноччу, бо будзе, напрыклад, зачыненае метро?

Дзіянаў: Метро звычайна перакрываюць, калі Кастрычніцкая плошча выкарыстоўваецца як месца збору. Не думаю, што будзе метро перакрытае.

Еўрарадыё: Як бы вы ацанілі мінулую акцыю?

Дзіянаў: Акцыя адбылася, людзі прыйшлі. Яна прайшла амаль без затрыманняў, былі мінімальныя затрыманні па гарадах, калі параўноўваць з мінулым перыядам, то такога паняцця як “хапун” не было. Гэта, вядома ж, вельмі пазітыўна. Я думаю, што ў гэтым выпадку, мы будзем працягваць нашыя акцыі і глядзець на рэакцыю ўлады.

Еўрарадыё: Але мінулая акцыя была досыць нешматлікай, калі не атрымаецца правесці ноч апладысментаў гэтым разам, якія будуць вашы дзеянні?

Дзіянаў: Мэтай гэтай акцыі было тое, што людзі будуць выходзіць на ўчасткі праспекта, на ўчасткі вуліц, і трэба ўлічваць тых людзей, якія прыйшлі і не падышлі да агульнай масы людзей, якая знаходзілася каля “Макдональса”. Чамусьці журналісты з задавальненнем падлічылі тых людзей, якія былі на “Макдональсе” і сказалі, што было 200 чалавек. Я заяўляю, было больш людзей, якія прыйшлі на праспект і не падышлі ў агульную масу.

Еўрарадыё: Але заўтра журналістам яшчэ складаней будзе падлічыць, колькі будзе чалавек.

Дзіянаў: Мы працуем не на журналістаў і не на рэакцыю. Мы працуем з людзьмі, з інтэрнэт-карыстальнікамі і ставім мэты перад імі, і ставім мэты перад сабой, каб іх дасягаць і дасягаць нейкіх вынікаў. Гэта для нас істотна. Нам істотна, каб нас падтрымлівалі людзі, калі мы арганізуем гэтыя акцыі.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі