Дзмітрыеў: Людзі стаміліся ад улады і ад апазіцыі

Еўрарадыё: Вы высунулі некалькі тэзісаў, на якія трэба звярнуць увагу апазіцыі, каб не паўтараць памылак народнага сходу. Вы канстатуеце крызіс традыцыйных мер, якія прапануе апазіцыя. А можа гэта крызіс традыцыйных лідараў?
Андрэй  Дзмітрыеў: Добрае пытанне. Я думаю, справа ўсё ж у падыходах. І калі новыя лідары будуць карыстацца гэтымі ж падыходамі, не змяняючы іх, праблема не вырашыцца.

 
Еўрарадыё: А што гэта за новыя падыходы?
Андрэй  Дзмітрыеў: Па-першае, падыход больш павінен быць скіраваны ў планаванне, а пасля ўжо ў выкананне, а не наадварот, як сёння. Ёсць стандартная схема: надрукавалі ўлёткі, раскінулі, чакаем і вырашаем наконт месца: ісці на Бангалор, ці не ісці на Бангалор. Гэтая схема часам падаецца найбольш прывабнай, хуткай, што так і ёсць. Але, на жаль, для Беларусі гэта сёння не эфектыўна. А “Гавары праўду” ўжо ад студзеня кажа: нам патрэбная стратэгія. Адзіная стратэгія і план. Тады будзе зразумела, хто што робіць і хто за што адказвае.

 
Еўрарадыё: Народны сход – доўгачаканая акцыя, пра якую заяўлялася яшчэ вясной. Быў час і на выпрацоўку стратэгій і на падрыхтоўку. Чаму ж акцыя не ўдалася?
Андрэй  Дзмітрыеў: Бо не было зроблена планаванне, не было нармальнай падрыхтоўчай кампаніі і, не было аналізу, ці варта зараз рабіць гэтую акцыю. Атрымліваецца: нам трэба паказаць, што мы ёсць – давайце выйдзем. Другая праблема ў тым, што зараз ніхто не хоча падводзіць вынікі. Кажуць: нічога страшнага, гэта першая акцыя, потым будзе лепш.


Еўрарадыё: А Вы не баіцеся, што калі апазіцыя адмовіцца зараз ад выхаду на вуліцу, то яна толькі і будзе займацца планаваннем і нічым больш?
Андрэй  Дзмітрыеў: Я ў сваім артыкуле кажу не толькі пра планаванне. Я кажу пра тое, што трэба запланаваць нейкія дзеянні па працы з насельніцтвам, каб, калі мы наступны раз паклічам людзей, яны дакладна ведалі, куды, дзеля чаго і як ісці. Бо сёння гэтых адказаў проста няма.


Еўрарадыё: А можа, беларусы проста стаміліся ад таго што іх кудысьці клічуць? Можа трэба працаваць на тое, каб яны самі выходзілі?
Андрэй  Дзмітрыеў: Гэта акурат тое, што мы кажам: давайце працаваць над стратэгіяй. Трэба зрабіць так, каб за намі сапраўды стаялі ўсе гэтыя тысячы людзей. А потым мы іх паклічам і яны выйдуць. Адзін раз. Я б хацеў нагадаць досвед Польшчы, дзе ў свой час быў накладзены мараторый на масавыя акцыі да таго часу, пакуль яны сапраўды не стануць вялікімі. І гэта спрацавала.


Еўрарадыё: Але гэта можа атрымацца мараторый на некалькі гадоў.
Андрэй  Дзмітрыеў: Я думаю, што калі сапраўды мэтанакіравана працаваць, то шмат гадоў не трэба. Але павінен быць адзіны план, разуменне таго, што мы робім.


Еўрарадыё: А сённяшнія лідары апазіцыі, на вашу думку, могуць дзейнічаць у адзін голас?
Андрэй Дзмітрыеў: Нагадаю, што Някляеў адзіны з усіх кандыдатаў у прэзідэнты прапаноўваў зняцца ўсім разам. І ўвогуле да апошняга казаў:давайце быць разам і да апошняга казаў, што падтрымае адзінага кандыдата, калі такі будзе. Сёння ёсць спроба каардынаваць дзеянні ў межах шасці арганізацый. Мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб гэта працавала. Я асабіста думаю, што зараз вельмі моцная пагроза ў тым, што праз які-небудзь год мы не будзем мець нават патэнцыйнай магчымасці штосьці змяніць у Беларусі, калі зараз мы не пачнём рабіць сапраўдную справу.


Еўрарадыё: А ці гатовыя нашы палітычныя лідары адмовіцца ад сваіх амбіцый і далучыцца да народа, да працы з народам?
Андрэй Дзмітрыеў: Людзі стаміліся ад улады, якую яны ведаюць, і ад апазіцыі, пра якую яны не ведаюць увогуле нічога. Наша вялікая праблема – што мы самі сабе варушымся, нешта кажам, але насамрэч людзі нас не чуюць. Таму я сёння кажу менавіта пра стратэгію, разлічаную на 2-2,5 гады. Галоўнае сёння, каб мы, пачаўшы планаваць і выконваць, пастаянна рабілі аналіз памылак.

Фота: by.media.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі