Дзмітрый Навоша: "Tribuna будзе пераходзіць на беларускую мову"
Дзмітрый Навоша / tribuna.com
"Цяпер Tribuna будзе пераходзіць на беларускую мову. Упершыню спартовае медыя загаворыць па-беларуску. Упершыню наогул у гісторыі краіны", — заявіў генеральны дырэктар і сузаснавальнік медыяхолдынга Tribuna Digital Дзмітрый Навоша.
Разам з тым ён падкрэсліў, што выданне не будзе толькі беларускамоўным: "Нават ва Украіне Tribuna не перайшла толькі на ўкраінскую. Ёсць і рускамоўны кантэнт. Адказ просты: каб украінцы не чыталі рускія медыя".
У Беларусі, кажа Навоша, ёсць рускамоўныя беларусы, якія таксама ненавідзяць Лукашэнку, як і беларускамоўныя, і хочуць нармальнай краіны.
"Вельмі важна не заганяць сябе ў гета. Лукашэнка ўвесь час спрабуе загнаць нас у гета. Яны ўвесь час спрабуюць вось як бы: змагары, паўпалякі і ўсякае такое. Важна сыходзіць ад гэтай пасткі. Але трэнд на адраджэнне беларускай мовы мне вельмі падабаецца", — дадае заснавальнік Tribuna.
Дарэчы, сацсеткі Tribuna па нядзелях вядуцца толькі па-беларуску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.