Дзмітрый Рабаў: Народныя прыкметы працуюць рэдка

Дзмітрый Рабаў: Народныя прыкметы працуюць рэдка

У апошні спякотны дзень гэтага тыдня ў студыю Еўрарадыё завітаў начальнік службы гідраметэапрагнозаў Гідрамета і Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў. Сіноптык супакоіў: лета яшчэ будзе цёплым, хоць і з дажджамі. А яшчэ Дзмітрый прызнаўся, што дакладных прагнозаў надвор'я не бывае і што не любіць насіць парасон.

Найцікавейшыя цытаты размовы з Дзмітрыем Рабавым


— Да канца жніўня вяртання спёкі, калі тэмпература вышэйшая за 30 градусаў, не чакаецца. Але ў асобныя дні жнівень нас парадуе вельмі цёплым надвор'ем. Працяглых дажджоў пакуль не будзе.


—  Не люблю насіць парасоны (смяецца). Парасоны ў мяне два: адзін ляжыць дома, другі — на працы. Перад тым як ісці на працу, я гляджу прагноз, што дае метэалакатар на нашым сайце. У аэрапорце ўсталяваны метэалакатар, які скануе воблачнасць літаральна кожныя 10 хвілін. Я гляджу, ці ёсць ля нас хмара і дзе яна. І калі бачу, што зона залеваў і навальніц рухаецца да Мінску, бяру з сабой парасон.


— Мы правяралі народны каляндар: маўляў, калі спякотнае лета — будзе халодная зіма ці наадварот. Не працуе! Аналізавалі больш чым за 100 гадоў і выявілі толькі 25-30 адсоткаў супадзенняў.


— "Калі курачка папіла ў сакавіку вадзіцы, то лета будзе гарачым"? Усё цяпер пераблыталася. Да таго ж мы не ведаем, дзе былі зафіксаваныя гэтыя прыкметы. Можа, гэта прыйшло з іншых рэгіёнаў, дзе сапраўды спрацоўвала, а мы спрабуем прымяніць да сябе. Нават гэтыя ластаўкі... Яны ловяць жучкоў, якія, калі павялічваецца вільготнасць, апускаюцца ніжэй да зямлі. Але гэта не значыць, што дакладна будзе дождж.

 

Дзмітрый Рабаў: Народныя прыкметы працуюць рэдка

— Па колькасці ападкаў лета не змянілася, але павялічылася колькасць моцных залеваў і навальніц, што мы адчулі ў ліпені. І ўсё часцей з'яўляюцца прыкметы трапічнага клімату: стаіць вільготнае і цёплае надвор'е. Зімы ў нас практычна няма. Восень стала даўжэйшай і сушэйшай.


— Змена клімату, калі ўявіць яе на графіку, — гэта не прамая. Гэта падобна на хвалю, але тэндэнцыя ўсё адно ідзе ўверх. І колькасць небяспечных з'яваў будзе ў найбліжэйшы час расці.


— Навальніца, залевы, град цяжкапрагназавальныя. І найбольш цяжка іх спрагназаваць па нейкім месцы. Па Мінску, напрыклад: у адной палове горада свеціць сонца, другую палову залівае. Можа грымець, маланкі могуць бліскаць, але дзе менавіта навальніца выльецца, цяжка сказаць.


— Раней амерыканскія метэаролагі прагназавалі тарнада за восем хвілін. Цяпер — за 15. І гэта лічыцца дасягненнем навукі. Узровень прагнозаў надвор'я знаходзіцца там, дзе знаходзіцца навука. І як бы сіноптык ні хацеў, як бы ні стараўся, якасць прагнозаў будзе расці разам з развіццём навукі. Але стоадсоткавага прагнозу ніколі не будзе.


— Цыклон "Даніэла" мы бачылі за чатыры дні, калі яна толькі пачала стварацца. "Эму" — за два.


— Я люблю адпачываць у Беларусі. У першую чаргу адключаю тэлефон і маральна і духоўна адключаюся ад знешняга свету. Возера, купанне, рыбалка, лес... Цудоўны адпачынак. Калі служыў у ваенна-марскім флоце, я абышоў Еўропу па марах. Аднойчы адпачываў у Егіпце. Мне спадабалася. Можна адпачываць там 7-10 дзён, але потым усё адно цягне на Радзіму. Можна і тут накупацца і пазагараць. Дарэчы, наш загар трымаецца даўжэй, чым паўднёвы.


Еўрарадыё: То бок загар, што цяпер на вас, — беларускі?


Дзмітрый Рабаў: Чыста беларускі!

Дзмітрый Рабаў: Народныя прыкметы працуюць рэдка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі