Дзмітрый Ус: З сынам пагавару — з’езду прыхільнікаў “рускай ідэі” не будзе
Чаму трэба адпраўляць “гуманітарку” ў ДНР, ці падтрымаў Майдан і чый Крым, кажа экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус.
Еўрарадыё: Ваш сын Іван збіраецца правесці нешта накшталт з’езду і стварыць арганізацыю “Антымайдан”, каб аб’яднаць прыхільнікаў “рускага міра”. Як вы ставіцеся да такой яго дзейнасці?
Дзмітрый Ус: Гэта толькі яго, так бы мовіць, думкі — ніякага з’езду не будзе, вы нават не хвалюйцеся!
Еўрарадыё: Вы яго ад гэтай ідэі па-бацькоўску адгаворыце?
Дзмітрый Ус: Не ў гэтым нават рэч — сэнсу няма ў гэтым з’ездзе. Што ён хоча, ад каго ён хоча? Трызненне нейкае. Я з ім пагавару. Тое, што ў нас даўно ёсць у Беларусі, і навошта нейкія з’езды рабіць — усё і так дэ-факта існуе.
Еўрарадыё: Вашае стаўленне як чалавека і палітыка да тых, хто выступае за прасоўванне ідэі “рускага міра” ў Беларусі?
Дзмітрый Ус: У мяне маці праваслаўная, а бацька — каталік. І ў іх пастаянна ідзе вайна на гэтай глебе. Вы хочаце раздзяляць на гэтай глебе людзей, я не зразумеў? Я ведаю, што гэтыя пытанні ўвогуле не трэба ўзнімаць і агучваць, калі мы хочам, каб у нас быў мір у Беларусі. “Ты за чырвоных ці за белых?” — тыпу таго, так? Я за эканамічнае развіццё і дэмакратыю. А па вашым пытанні я зразумеў, што вы ўжо пачынаеце раздзяляць: на палякаў, на рускіх людзей. Навошта дзяліць? Я за тое, каб у нас была квітнеючая Беларусь, каб была эканоміка і каб бізнес уплываў на палітыку. Каб бізнесмены, як у Злучаных Штатах, абіралі прэзідэнтаў. Каб у нас была багатая краіна — вось за гэта я.
Еўрарадыё: А я яшчэ за тое, каб краіна была незалежная…
Дзмітрый Ус: Яна ў любым выпадку незалежная. Аўстрыя ў складзе Германіі была, выйшла і таксама незалежная. Вы нават не хвалюйцеся! І Расія не зацікаўленая ў тым, каб Беларусь, як Крым, забраць. Гэта ўсё бязглуздзіца. Я быў сёлета ў Крыме, быў у Ялце, у Алушце, у Феадосіі, у Сімферопалі і бачыў стаўленне людзей: большасць была за ўваходжанне ў склад Расіі. А ўсё таму, што Заходняя Украіна і паўднёвы ўсход з Крымам — гэта розныя людзі. Заходнія ўкраінцы захацелі навязаць свае каштоўнасці, а гэтыя не пагадзіліся. Свая мову, свае святы: там яны (на Заходняй Украіне — Еўрарадыё) Дзень Перамогі не святкуюць, усе сцягі знішчаюць, усе помнікі разбураюць, той жа помнік Савецкаму салдату. А для іншых людзей гэта мае гістарычную каштоўнасць: дзяды, прадзеды ваявалі, удзельнічалі ў нейкіх ваенных дзеяннях. А гэта зняважліва. На гэтай глебе адлучэнне і адбылося. У нас у Беларусі гэтага не адбудзецца. З пункту гледжання палітыкі ў найбліжэйшыя 10-15 гадоў гэтаму не бачна перспектыў у Беларусі.
Еўрарадыё: Да пэўных падзей мы не асабліва засяроджвалі ўвагу на тым, на якой мове хто размаўляе, хто збіраецца на з’езд БНФ, а хто…
Дзмітрый Ус: З’езд БНФ збіраецца толькі па ўказе прэзідэнта, толькі калі яму трэба! Паверце: яны ўсе да такой ступені несур’ёзныя палітычныя фігуры, якія цалкам пад кантролем у Аляксандра Рыгоравіча. Ён іх выкарыстоўвае ў той момант, калі трэба выбіць з Расіі нейкія грошы. Калі ім трэба нафты 23 мільёны тон, то БНФ падключаюць і пачынаюць нейкія мерапрыемствы, Дзень Волі праводзіць: “Глядзіце, я трымаю іх у кулаку, а калі я сыду, то Беларусь адыдзе Польшчы!” І Януковіч тое ж рабіў — Яраша таго ж выгадаваў. Таксама хацеў такім жа чынам выбіваць больш грошай, нафты, газу. Гэта палітыка краін-сатэлітаў, якія залежаць альбо ад Расіі, альбо ад Еўропы. У нас апазіцыі няма, уся апазіцыя падкантрольная вертыкалі ўлады. Пачынаючы ад Мілінкевіча і Някляева — яны ізноў зараз ідуць на выбары, каб паказаць, што ў нас дэмакратыя. Ніякай палітычнай дзейнасці ў Беларусі няма: яна альбо цалкам пад кантролем, альбо проста знішчаецца. І ніколі незалежнай палітыкі ў нас не будзе. Нешта змяніць у нас можа толькі вонкавы фактар. І гэта — Расія. Бо мы, беларусы, жывём за кошт расійскага газу, нафты і рынка і за кошт кантрабанды, якую адпраўляем у Расію. Гэта “чатыры кіты”, на якіх трымаецца беларуская ўлада сёння. І ўсё будзе залежыць ад расійскага кіраўніцтва, ад яго дзеянняў. Ні на што іншае не звяртайце ўвагі — нам трэба сваю дзяржаву ствараць.
Еўрарадыё: Але ж падзеі на Данбасе ўсіх нас напалохалі, і цяпер да з’езда прыхільнікаў “рускага міра” стаўленне насцярожанае…
Дзмітрый Ус: Ой, супакойцеся! Нічога не будзе: без Аляксандра Рыгоравіча тут і муха не праляціць!
Еўрарадыё: Вашае стаўленне да таго, што ваш сын збірае і адпраўляе гуманітарную дапамогу ў так званую ДНР?
Дзмітрый Ус: Нармальнае стаўленне. Чаму дзецям і хворым людзям не дапамагаць? Я ведаю, што дасылаюць тушонку, бінты, памперсы, малочныя сумесі — гэта нармальна, я лічу. Гэта ж усё адзіная тэрыторыя і людзі: яны гавораць па-руску, у іх менталітэт — праваслаўе. Таму да таго, што ён іх падтрымлівае, я прэтэнзій не маю. А наконт з’езда я яшчэ раз кажу: нічога не будзе.
Еўрарадыё: Асабіста вы як успрынялі Майдан у Кіеве?
Дзмітрый Ус: Я яго падтрымаў у тым сэнсе, што рэжым Януковіча з яго карупцыяй неабходна было звергнуць. І большасць народа ўкраінскага падтрымала гэта. А радыкальныя метады, радыкалізм, свастыкі, знішчэнне помнікаў — гэтага я не падтрымаў. Проста нацыяналізм і шавінізм пачалі на гэтай глебе расці, рускамоўных людзей збівалі, нацкоўвалі людзей адно на аднаго — вось гэтага я не падтрымаў. І быў, і цяпер супраць таго, каб у Радзе партрэты Бандэры вешалі — нельга на нацыяналізме дзяржаву будаваць. Не, калі б гэта была невялікая краіна… А ў такой вялікай шматнацыянальнай краіне, дзе жывуць людзі шмат якіх нацыянальнасцяў, трэба было мякчэй рабіць.
Еўрарадыё: На чыім вы баку: Кіева, які змагаецца за непадзельнасць краіны, ці на баку так званай ДНР?
Дзмітрый Ус: Такой дзяржавы, як Украіна ужо дэ-факта няма. Калі б Кіеў зрабіў інакш… Навошта першым прынялі закон пра ўкраінскую мову, калі палова Украіны па-руску гаворыць? Помнік Савецкаму салдату ў Львове разбамбілі для чаго? Хоць мой дзед Асвенцім вызваляў. Чаму гэтага раней не было, чаму гэты нацыяналізм толькі цяпер вылез?
Еўрарадыё: А тое, што Масква штучна падагравала прарасійскія настроі на Данбасе, вы выключаеце?
Дзмітрый Ус: І без гэтага не абышлося. Як не абышлося без таго, што амерыканцы і палякі добра прафінансавалі гэтую сітуацыю. Проста гэта выгадна амерыканцам, усе грошы цяпер зарабляюць амерыканцы: Еўропа ў эканамічнай стагнацыі, Расія — таксама, і цяпер толькі Амерыка рыбку ловіць. Як і ў сітуацыі з Югаславіяй.
Еўрарадыё: На вашу думку, Крым павінен быў заставацца ўкраінскім ці добра, што ён стаў расійскім?
Дзмітрый Ус: Я кажу пра людзей, якія там жывуць: яны радуюцца! Бо прыехалі з Львова і сказалі: “Чамадан, вакзал, Расія”. А крымчане ў адказ сказалі: “Мы з сабой у Расію ў чамадан і Крым забралі!” Толькі татары, але іх усяго каля 200 тысяч, і ўкраінцы, але і іх там меншасць, яны “шыпяць”, а ўсе астатнія, адсоткаў 80-90…
Еўрарадыё: Вы кажаце, што ўсе лідары апазіцыі падкантрольныя ўладзе…
Дзмітрый Ус: Апроч Статкевіча! І Саннікаў — асобная гісторыя. Яго Халіп з Радзінай уцягнулі ў гэтую гісторыю, бо хацелі зарабіць грошай.
Еўрарадыё: Цікава, як вы паставіліся па Майдана ў Кіеве? Паралелі нейкія з Плошчай-2010 не праводзілі?
Дзмітрый Ус: Ніхто з апазіцыі не хацеў ніякага Майдана ў Мінску рабіць, нікому з лідараў ён не патрэбны быў — ім трэба было толькі “засвяціцца”. Ніхто не хацеў сур’ёзных узрушэнняў для ўлады: выйсці, карцінку атрымаць. А тое, што адбылося, то гэта, маё такое меркаванне, правакацыя КДБ — гэтыя пабітыя шыбы ў Доме ўраду. Людзі там былі мірныя і пратэст выказвалі мірна. Там не было экстрэмістаў і падрыхтаваных баевікоў, як на Майдане. Таму і не магло ў нас нічога такога атрымацца, бо не было такой падрыхтоўкі, як ва Украіне. Там людзі на сотні былі падзеленыя, навучаныя, як супраціўленне аказваць. Нічога такога не рабілася ў Беларусі.
Еўрарадыё: Не шкадуеце цяпер, што не рабілася?
Дзмітрый Ус: У нас няма каму гэта рабіць. Адзін Статкевіч. Таму ён і сядзіць. І будзе сядзець.
Еўрарадыё: Ваш прагноз на выбары-2015?
Дзмітрый Ус: Дык яны ўжо прайшлі, пратаколы падпісаныя — толькі агучыць засталося! Гэтым разам ён сабе намалюе 64%, як Пуцін — зробіць “больш дэмакратычныя” выбары.
Фота: ria.ru, news.vitebsk.cc