Дзяржава перастане выдзяляць грошы на пахаванне “дармаедаў”
Каб іх сваякам заплацілі, непрацуючым грамадзянам давядзецца застрахавацца.
Беларускі ўрад 10 ліпеня прыняў новую пастанову “Аб выплаце дапамогі і кампенсацыі выдаткаў на пахаванне”. Гэты дакумент выключае “дармаедаў” з пераліку асобаў, якіх можна будзе пахаваць за дзяржаўны кошт.
Згодна з пастановай, грашовую дапамогу на пахаванне змогуць атрымаць сваякі асобы, якая мела страхоўку. Таксама грошы будуць выдаваць на незарэгістраваных грамадзян, якія не меней за дзесяць гадоў плацілі ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны, на пенсіянераў, беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, студэнтаў дзённай формы навучання. Усе гэтыя катэгорыі грамадзян таксама могуць разлічваць на дзяржаўную дапамогу, калі ў іх памерлі непаўналетнія дзеці.
Дапамогу будуць выдаваць грамадзянам, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання памерлага, за выключэннем пахаванняў асобаў, якія заключылі дамову на абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. Фінансавыя пытанні сваякі памерлага будуць вырашаць са страхавой кампаніяй.
Выплачваць дапамогу будуць тэрытарыяльныя органы сацабароны насельніцтва па месцы рэгістрацыі памерлых, інфармуе БЕЛТА