Дзярждэп: ЗША падтрымаюць санкцыі Еўрасаюза супраць беларускіх уладаў

Філіп Рыкер
Філіп Рыкер

На слуханнях Камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе кіраўнік бюро па справах Еўразіі Дзярждэпартамента Філіп Рыкер адказаў на пытанне пра зацяжны палітычны крызіс у Беларусі. Вось галоўнае, што ён сказаў:

— ЗША падтрымаюць санкцыі Еўрасаюза супраць беларускіх уладаў:

"Мы далучаемся да нашых еўрапейскіх партнёраў, каб засяродзіцца на санкцыях і іншых мерапрыемствах, і мы будзем працягваць факусавацца на гэтым да таго часу, пакуль яны не ўнясуць змены і не дадуць беларускаму народу ўрад, якога яны заслугоўваюць, які ім дапамагае";

— важна хутчэй зацвердзіць кандыдатуру Джулі Фішэр у якасці амбасадара ў Беларусі;

— беларускія ўлады павінны выконваць абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і для рэалізацыі рэкамендацый справаздачы Маскоўскага механізма "Аб парушэннях з боку ўладаў Беларусі правоў чалавека і асноўных свабод сваіх грамадзян да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня";

— АБСЕ трэба актывізаваць свой удзел у вырашэнні палітычнага крызісу і спыненні жорсткіх рэпрэсій у Беларусі; 

— ЗША павінны прадэманстраваць салідарнасць з беларусамі і выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя платформы:

"Гаворка не ідзе пра геапалітычны выбар паміж Захадам і Расіяй. Гаворка пра тое, каб паказаць, што ў Беларусі ёсць такі выбар. Мы падтрымліваем беларускі народ у яго рашучасці. Папраўдзе яны імкнуцца да ўрада, які проста выконвае для іх усё, чаго можна чакаць і што дакладна замацавана ў Хельсінкскіх прынцыпах";

— у адносінах паміж Беларуссю і ЗША намячаўся прагрэс, але ўсё сапсавалі выбары, вынікі якіх "нават нашы расійскія калегі назвалі абсалютна неспасціжнымі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі