Дзяржкантроль больш за 7 месяцаў правярае мантаж “залатых” рэкламных апор

Пра гісторыю аб мантажы апор пад рэкламу ля “Чыжоўка-Арэны” Еўрарадыё распавядала на пачатку красавіка мінулага года. Перад чэмпіянатам свету па хакеі “Мінскрэклама” правяла тэндар на ўсталяванне металічных апор пад расцяжкі, якія вывешваюцца над дарогай. Перамагло Спецыялізаванае будупраўленне №4. Як высветлілася, кошт мантажу аказаўся прыкладна ў 4 разы большым, чым за гэта просяць у Маскве і Гомелі. Вось гэта год беражлівасці і эканоміі!

Напрыканцы траўня Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў Еўрарадыё, што “па дадзеным факце запланавана правядзенне праверкі”.

І вось мінула больш за сем месяцаў.

“Праверка яшчэ не завершаная, таму пакуль сказаць яшчэ няма чаго. Калі праверка пачалася, дакладна вам сказаць не магу”, — кажа прэс-сакратар КДК Беларусі Кірыл Данілаў.

Нагадаем, што падчас падрыхтоўкі расследавання Еўрарадыё падлічыла, што толькі за мантаж адной апоры (прасцей кажучы, за ўкопванне адной вялікай металічнай бэлькі ў зямлю) “Мінскрэклама” плаціла блізу 45 мільёнаў рублёў. У цэнтры Масквы адно з расійскіх прадпрыемстваў узялося ўсталяваць абапал васьміпалоснага шасэ такія самыя апоры за 11 мільёнаў у пераліку на беларускія рублі.

Часы змяніліся, і беларускі рубель з тае пары патаннеў. Сёння за арэнду такой рэкламнай канструкцыі ля “Чыжоўка-Арэны” просяць 449000 рублёў. Але, у прынцыпе, цягам года нятанны мантаж апор можна было б акупіць.

Таму выязджаем на вуліцу Ташкенцкую і на скрыжаванне Машынабудаўнікоў з Кабушкіна, каб паглядзець, ці карыстаюцца тры ўзгаданыя рэкламныя канструкцыі попытам.

“С Новым годом и Рождеством Христовым!” — вітае аўтамабілістаў і мінакоў першы аб’ект, які нас цікавіць (знаходзіцца па вуліцы Ташкенцкая, 16/1).

Другая рэкламная канструкцыя па вуліцы Ташкенцкай… пустуе.

А на скрыжаванні Машынабудаўнікоў з Кабушкіна вісіць расцяжка “Белдзяржцырка” “Волшебный сон в зимнюю ночь”, з лагатыпам Мінгарвыканкама.

Выглядае, што вялікай фінансавай выгады праект не прыносіць. Вось такая камерцыя.

Фотаздымкі зроблены 8 студзеня 2014 года

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі