Дзяржстандарт дапускае перакульванне на воднай горцы аквапарка

У аквапарку Лябяжы на адным атракцыёне пад назвай Вайпер адбылося адразу два здарэнні з сур'ёзнымі траўмамі. Пасля гэтага уласнік аквапарка разам з Дзяржпрамнаглядам правялі расследаванне. Еўрарадыё даведалася пра вынікі.

"Ёсць відэазапісы на ўваходзе і выхадзе з горкі. Вывучалася, ці выконвалі інструктары свае абавязкі. Тое, што ў горцы адбываецца, мы не бачым. Было ўстаноўлена, што і ў першым, і другім выпадку пацярпелыя да гэтага на гэтай горцы спусціліся, і з імі нічога не адбылося. А на другі ці трэці раз адбылося, яны перакуліліся і атрымалі траўмы", — распавядае Пётр Клімко, начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў.

Па меркаванні спецыялістаў траўмаваныя расслабіліся і таму другі раз ехалі не так асцярожна, як таго патрабуюць інструкцыі.

"Я вам адкрываю ГОСТ, у якім напісана, перад пачаткам спуску на трасе воднай горкі карыстальнік павінен прыняць дазволеную позу і яе прытрымлівацца ад старту да поўнага спынення або прываднення ў фінішным басейне. Змена позы падчас руху можа выклікаць або перакульванне карыстальніка або яго сутыкненне са сценкамі трасы спуску. Хутчэй за ўсё, была змененая поза вось гэтымі пацярпелымі. На чым грунтуецца наша выснова: першы раз яны спусціліся, і з імі нічога не адбылося, таму што першы раз яны баяліся, выконвалі ўказанні, а другі вырашылі атрымаць больш экстрыму. Тым больш, што ў атракцыёне па канструкцыі ёсць маятнікавы рух, і калі корпусам разгойдвацца дадаткова, то магчымае перакульванне. Што забараняецца, як стандартам, так і інструкцыяй па карыстанні горкай".

Віталь Вайтусёнак зламаў на горцы пазванок. З аквапарка забралі на хуткай. Яго сябар Сяргей ехаў разам з ім, але пашанцавала, пасля перавароту ён упаў на цюбінг. Сяргей кажа, што другі раз ён ехаў ззаду, таму хуткасць з-за гэтага магла быць большай, бо цяжэйшы за сябра. Але раскачвацца ў іх ніякага жадання не было!

"Нас і так за кошт вагі вельмі так някепска кідала. Першы спуск быў добры. На другі раз нас перавярнула два разы. Першы раз у маленькай трубе. Мы спужаліся, селі і паехалі далей. Мы сядзелі і проста ехалі, толькі каб спусціцца, бо было страшна і не вядома, што будзе далей. І вось калі нас выкінула ў гэтую вялізную бочку, там нас перавярнула ўжо другі раз".

Праверка парушэнняў у канструкцыі горкі не выявіла. Збояў у працы праграмы таксама не знайшлі. Плынь вады у трубе была раўнамернай, кажа намесніца начальніка упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Мар'яна Фядотава.

"Гэтая інфармацыя правяралася. Пасля апошняга выпадку, калі нібыта, са словаў пацярпелых, павялічылася плынь вады, былі прааналізаваныя паказанні у дыспетчарскай па стане абсталявання. І на відэа на фінішы было б бачна, што хваля іншая, і павялічылася плынь. Гэтая інфармацыя не пацвердзілася".

Але аквапарк вырашыў замяніць цюбінгі на больш вялікія, "каб мінімізаваць тыя рызыкі, якія ўзнікаюць з-за таго, што людзі мяняюць позы падчас руху".

Фота: relax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі