Дзяўчынка, якая хварэе на адзёр ў Ваўкавыску, пайшла на папраўку
Дзяўчынка хварэе на адзёр. Фота носіць ілюстрацыйны характар / cbsnews.com
Дзяўчынка, якая хварэе на адзёр ў Ваўкавыску, пайшла на папраўку. "Сёння сказалі, што пачалося паляпшэнне... А 6 дзён яна была ў цяжкім стане", — распавяла Еўрарадыё Вера Г., мама дзяўчынкі.
Некалькі дзён таму стала вядома пра выбух адру ў Ваўкавыску. Па афіцыйнай інфармацыі, захварэлі двое дзяцей і трое дарослых. Як гэта адбылося? "Мы ў дзіцячым аддзяленні ляжалі з бранхітам, і там жа ляжаў хлопчык з адром, а лекары думалі што ў яго алергія, — кажа маці. — Першыя прыкметы хваробы ў нас з'явіліся 21 чысла".
Адзёр спачатку нагадвае звычайную вострую рэспіраторную інфекцыю, але потым з'яўляюцца высыпанні на скуры. Раней ад гэтай хваробы прышчаплялі да 98% усіх дзяцей. У мінулым годзе ў Беларусі быў толькі адзін завозны выпадак адру.
У Еўропе зараз неспрыяльная сітуацыя з адром: на 9 лютага было зарэгістравана больш за 3 тысяч выпадкаў ва Украіне, Румыніі, Італіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Францыі і Швецыі. Усяго за мінулы год у краінах Еўропы зарэгістравалі больш за 20 тысяч выпадкаў адру, 40 з якіх скончыліся смерцю хворага. Пераважная большасць хворых — гэта дзеці, падлеткі і юнакі да 20 гадоў.