Эфірная версія праекта “Апошні золак” даступная он-лайн (відэа)
Інтэрнэт-прэзентацыя праекта прымеркаваная да Дня барацьбы супраць смяротнай кары, які адзначаецца 10 кастрычніка.
“Апошні золак” — праект беларускіх музыкаў, ініцыяваны музычным сайтам Tuzin.fm і праваабарончым цэнтрам "Вясна".
У праекце задзейнічаныя Лявон Вольскі, Ганна Хітрык, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка і Алесь Дзянісаў. Музыкі спяваюць па дзве песні, у якіх распавядаюць пра асноўныя спосабы прывядзення ў выкананне выключнай меры пакарання. Палова з іх — цалкам новыя кампазіцыі, астатнія — вядомыя, але пераробленыя.
"Апошні золак" працягвае традыцыі такіх музычных праектаў, як "Народны альбом", "Я нарадзіўся тут" і "Святы вечар". Пры гэтым яго адметнасць у тым, што ён быў створаны ў рэжыме рэальнага часу і акрамя музыкі змяшчае багатую візуальную частку, за якую адказвала мастачка Наста Шастак і рэжысёр Павел Бандзіч. Запіс відэаверсіі праходзіў 5 кастрычніка ў Беластоцкай філармоніі.
Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захавалася смяротнае пакаранне. За апошнія 17 год было здзейснена каля 400 расстрэлаў і быў толькі адзін выпадак, калі смяротны прысуд быў заменены на турэмнае зняволенне.