Эканаміст: Неўзабаве беларуская труба пераўтворыцца ў іржавы метал
Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць прадаць “Газпраму”акцыі “Белтрансгаза” за 2,5 міліярды долараў на ўмовах Беларусі. Сітуацыю каментуе эканаміст Леанід Заіка.
Заіка: “Наконт продажу акцый магу сказаць, што Крэмль проста загнаў кіраўніцтва Беларусі ў кут. А трубу трэба і так прадаваць зараз, бо потым яна не будзе нікому патрэбная. У апошнім квартале гэтага года Расія здае ў тэхнічную эксплуатацыю трубу “Паўночны паток”. Тая труба можа на сябе пераключыць каля 30 працэнтаў усіх паставак газа ў Еўропу. Пасля запуска “Паўночнага патока” беларуская труба ўвогуле нікому не будзе патрэбная”.
Еўрарадыё: У гэтай сувязі ці не скажа Расія, што беларусы занадта шмат просяць за “Белтрансгаз”?
Заіка: “Цяпер Расія, калі захоча, зможа купіць гэтую трубу і за адзін долар. Раней нашае кіраўніцтва надзьмухвала шчокі, казала, што труба – элемент нашай незалежнасці. А расіяне ў той момант будавалі альтэрнатыўны провад. Неўзабаве беларуская труба пераўтворыцца проста ў іржавы метал”.
Еўрарадыё: А ці магла Беларусь неяк гэта прадбачыць?
Заіка: “У Беларусі гаспадарчае і стратэгічнае мысленне на ўзроўні надзьмутых шчок. Вось і пра трубу яны думалі так: мы будзем на ёй сядзець, бо мы - транзітная дзяржава. Вось і засядзеліся. Ніколі не можна гандляваць такім другасортным таварам як транзітнае становішча”.
Еўрарадыё: Ці зможа кіраўніцтва Беларусі неяк выпрасіць у Расіі на наступны год газ па зніжаных коштах?
Заіка: “Яшчэ гадоў дзесяць таму я прапаноўваў, каб беларусы разам з немцамі і расіянамі стварылі міжнародны газавы холдынг. Такім чынам мы б змаглі непасрэдна мець частку прыбытку ад здабычы газа ў Расіі. І калі б мы мелі сваю долю ў гэтым холдынгу, мы б зараз мелі газ па ўнутрырасійскім коштам, а можа і ніжэй.”