Эканамісты: Калі рублёвыя ўклады панясуць у банк, долар можа спыніцца
Эксперты агучваюць Еўрарадыё свае пазітыўныя і негатыўныя прагнозы наконт курса рубля.
“Мой пазітыўны прагноз — хуткая адмена камісіі ў 30% за пакупку валюты”, — адразу з добрага пачынае фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра кампаніі “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб. Гэта калі беларусы панясуць беларускія рублі ў банк на дэпазіты, як на тое разлічвае Нацбанк.
“Тады курс будзе пакрысе расці, пасля адмены камісіі, каб знізіць дыспрапорцыю паміж бягучым курсам і раўнаважаным. Будзе больш гнуткасці. Цэны на імпарт будуць падымацца следам за курсам. Астатнія будуць уздымацца згодна з доляй імпарту ў прадуктах. Тады прайграюць спекулянты, прайграе чорны рынак. Выйграюць усе астатнія”, — прагназуе Вадзім Іосуб. Такі сцэнарый ён называе рэальным.
Пры негатыўным сцэнарыі, беларусаў чакаюць некалькі курсаў, чорны рынак валюты, разбалансіроўка эканомікі і далейшы рост долара, працягвае Вадзім Іосуб. Пры гэтым падскочаць кошты на імпарт у адпаведнасці з курсам. Пры такім раскладзе выйграюць толькі валютчыкі.
“Несці рублі ў банк? Ну, ў нас людзі і ў казіно ходзяць і небяспечным сексам займаюцца”, — параўновае былы кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук. У пазітыўны сцэнарый ён не верыць. І ставіць на негатыўны з ростам коштаў на 30-50%.
“Будзе залаты час для махінатараў і спекулянтаў. Прайграюць звычайныя людзі, экспарцёры таксама, тыя, хто залежыць ад імпарту. Сёння ўжо закладаюць 17-18 тысяч за долар”, — дзеліцца Яраслаў Раманчук.
Нават пры пазітыўным развіцці падзей, людзі усё адно здымуць пасля свае дэпазыты, тлумачыць эксперт "Ліберальнага клуба" Антон Боўтачка. Збор Нацбанка ў 30% ён называе адцягваннем рашэння рэальных праблем.
“Яны ўсё адно будуць здымаць пасля гэтыя грошы і пераводзіць у іншы актыў, у валюту ці ў мікрахвалёўкі. Прайграючых і выйграючых тут не будзе, але найбольш пацерпіць народ. Узровень жыцця ўпадзе. Курс, які ўжо цяпер закладзены прадаўцамі, адыграецца на росце коштаў. Але крыху іх удасца ўтрымаць. Калі беларускіх рублёў не будзе на руках у людзей, то курс могуць утрымаць”.
А калі на эканоміку краіны глядзець з песімізмам, будзе развівацца ценявы рынак, вялікая розніца курсаў набыцця\продажу валюты, паралельны афіцыйнаму курс. Гэта адаб’ецца і на прадпрыемствах, дадае Антон Боўтачка. З-за гэтага вырастуць кошты, а народ будзе працягваць скупаць долары на ценявым рынку.
Наша эканоміка будзе залежыць ад расійскай, адразу кажа дырэктар кансалтынгавай кампаніі Sіnkеvісh Tесhnоlоgіеs Аляксандр Сінкевіч. Калі там стабілізуецца расійскі рубль, за ім умацуецца і беларускі.
“Нацбанк хоча ўжыць уведзеныя меры да стабілізацыі расійскага рубля. Яны бачаць рубеж 1 лютага. Выхад у нас тут дваісты: альбо прадэвальваваць беларускі рубель у залежнасці ад таго, як упадзе расійскі. Калі расійскі рубель вельмі ўмацуецца, можна казаць пра адмену камісіі і дэвальвацыю максімум на 5%”, — агучвае эксперт свой аптымістычны сцэнарый.
Але найбольш верагодным называе песімістычны, калі расійскі рубель моцна абваліцца.
“Хутчэй за ўсё, будзе дэвальвацыя, а калі ў Расіі расцягнецца іх сітуацыя, то ў нас множнасць курсаў можа расцягнуцца да канца года. Гэта ліміты, абмежаванні ды іншае”, — дадае эксперт.
Як павядуць сябе ўкладчыкі і ці скарыстаюцца прапанаванымі Нацбанкам 50% дэпазітамі, ён прагназаваць не бярэцца. Але не выключае, што такім чынам ажыятаж удасца збіць. На 11 тысячах за долар рэальны курс не ўтрымаецца, хутчэй, іх будзе некалькі. Адпаведна гэтаму вырастуць кошты.
Падсумуем:
Пазітыўны сцэнарый: людзі нясуць рублі на уклады пад 50%, зніжаецца попыт на валюту, паралельна замацоўваецца расійскі рубель. У выніку дэвальвацыя — максімум 5%, адпаведны рост коштаў. Камісію за продаж валюты адмяняюць.
Негатыўны сцэнарый: людзі не кладуць грошы на дэпазіты, паралельна скупляюць долары з 30% камісіяй і на шэрым рынку. Утвараецца некалькі паралельных курсаў, ля абменнікаў дзяжураць валютчыкі. Кошты растуць адпаведна долару, прадпрыемствы і народ — у стратах.
Фота: Еўрарадыё