Экс-дарадца Януковіча кіруе штабам Трампа. Ці ёсць расійскі след ў выбарах ЗША?

Экс-дарадца Януковіча кіруе штабам Трампа. Ці ёсць расійскі след ў выбарах ЗША?

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп ўсё больш актыўна займае прарасійскую пазіцыю напярэдадні выбараў. У прыватнасці ён заявіў, што гатовы “разгледзець прызнанне Крыма часткай РФ у выпадку абрання прэзідэнтам”.

У нядзелю 31 ліпеня ў інтэрв'ю ABC News Трамп запэўніў, што “не мае ніякай сувязі з Расіяй у сферы бізнесу і ніколі не сустракаўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным". Аднак гэтая заява супярэчыць яго словам ў 2014 годзе, калі Трамп выступаў у Вашынгтоне на дыскусіі аб расійска-амерыканскіх адносінах. Тады ён сцвярджаў, што падчас візіту ў Маскву асабіста сустракаўся з Пуціным і “размова мела велізарны поспех”, паведамляе hromadske.ua.

Сувязь эксцэнтрычнага мільярдэра з Крамлём актыўна абмяркоўваюць еўрапейскія СМІ.

“Яшчэ зусім нядаўна ў ЗША ставіліся да паведамленняў аб актыўным умяшанні Расіі ў амерыканскую перадвыбарчую кампанію як да тэорыі змовы. Аднак цяпер стала практычна відавочна: Масква імкнецца, каб прэзідэнтам стаў Дональд Трамп”, – падкрэслівае Wirtualna Polska, паведамляючы аб узломе сервераў Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі ЗША, у датычнасці да якога падазраюць расійскіх хакераў. У гэтай гісторыі масла ў агонь падліў сам Трапм, калі напісаў у сваім твітары “Расія, калі ты слухаеш, я спадзяюся, што ты здолееш адшукаць 30 тысяч зніклых электронных паведамленняў”. Праўда, пасля скандальнага розгаласу мільярдэр паведаміў, што яго твіт меў саркастычны характар.

“Зразумець, чаму Масква хацела б бачыць у Белым доме эксцэнтрычнага мільярдэра, лёгка: Трамп ставіць пад пытанне сэнс існавання NATO і яго абавязацельствы ў дачыненні саюзнікаў. Ён рэгулярна ”знаходзіць цёплыя словы ў адрас Пуціна і іншых дыктатараў, у тым ліку Садама Хусэйна і нават Кім Чэн Ына”, а рэалізацыя яго перадвыбарных прапаноў можа скончыцца канстытуцыйным крызісам”, — пералічвае прычыны таго, чаму Крэмль сімпатызуе Трампу, публіцыст рэсурсу Wiadomosci Оскар Гужынскі.

Экс-дарадца Януковіча кіруе штабам Трампа. Ці ёсць расійскі след ў выбарах ЗША?
Пол Манафорт. Фота: izbirkom.org.ua

Deutsche Welle публікуе артыкул пра Пола Манафорта, кіраўніка выбарчага штаба Трампа. Паліттэхнолаг, у прыватнасці, быў дарадцам Віктара Януковіча і падтрымліваў на Украіне кантакты з алігархам Рынатам Ахметавым, які заўсёды быў "зацікаўлены у захаванні залежнасці Украіны ад Расіі".

Менавіта Полу Манафорту прыпісваюць даволі паспяховую змену іміджу Віктара Януковіча і характар вядзення палітычных кампаній Партыі рэгіёнаў. Тады Януковіч пачаў выступаць на публіцы на ўкраінскай мове, а яго выказванні сталі карацейшымі і больш змястоўнымі. Акрамя арганізацыі працы выбарчых штабоў Партыі рэгіёнаў, па сведчанні інсайдараў, задачай Манафорта было таксама лабіраванне і легітымізацыя Януковіча на Захадзе. Адхіленне ад улады і ўцёк экс-прэзідэнта з краіны не стаў канцом ўкраінскай сагі Пола Манафорта. Падчас парламенцкіх выбараў 2014-га года ён кансультаваў спадчынніка Партыі рэгіёнаў — "Апазіцыйны блок".

Пытанне “ці можа Трамп знаходзіцца пад расійскім уплывам?” – у апошні час цалкам заканамернае, падкрэслівае Gazeta Wyborcza. Для самога Трампа дзякуючы яго прадпрымальніцкай дзейнасці Расія асацыюецца не з пагрозамі, а з шырокімі магчымасцямі для бізнесу.

“Вядома, ніхто ў здаровым розуме не стане падазраваць, што нью-ёркскі мільярдэр рэалізуе спушчаны з Масквы план, але можна лёгка ўявіць, што Трамп, пры ўсім сваім невуцтве і саманадзейнасці, проста не ўсведамляе, што расіяне ім маніпулююць”, – падводзіць вынік публіціст выдання Марыюш Завадскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі