Экс-кіраўнік АП Лукашэнкі галасаваў за Святлану Ціханоўскую

Леанід Сініцын​
Леанід Сініцын​

Першы кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Леанід Сініцын галасаваў на апошніх выбарах за Святлану Ціханоўскую. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю "Народнай волі".

"Яна шмат казала пра тое, што нам патрэбныя сумленныя выбары. Больш ніхто з кандыдатаў на гэтай ідэі акцэнт не рабіў, а гэтыя тры дзяўчынкі ўвесь час казалі пра тое, што выбары мусяць быць сумленнымі", — патлумачыў свой выбар Леанід Сініцын.

На пратэсты ён не хадзіў. Але назіраў за імі. Паводле яго слоў, "гэта была рэвалюцыя не палітычная, а, хутчэй, маральная". Дамагчыся выніку не атрымалася, таму што не было "пісьменнага лідара", лічыць Сініцын.

"Але выспее сітуацыя, з'явіцца лідар. Можа, і ўлада дапаможа камусьці даспець", — разважае ён

Сініцын па-ранейшаму выступае за датэрміновыя выбары, нагадвае, што "Лукашэнка сам сказаў, што пераседзеў, час сыходзіць".

"Сказаў — рабі. Толькі патрэбныя сумленныя выбары", — падкрэсліў экс-кіраўнік АП.

Для гэтага ў тым ліку трэба цалкам замяніць склад ЦВК. Цяперашні склад з гэтай задачай не справіцца.

"Апошнія выбары, якія Ярмошына праводзіла, былі правальныя", — кажа Сініцын.

Ён таксама выступае супраць зменаў у Канстытуцыю, якія анансавала ўлада. Лічыць, што краіна мае "абсалютна нармальны Асноўны закон, які дазваляе вырашыць любы палітычны крызіс, і цяперашні ў тым ліку". Адзіны момант, які варта было б падкарэктаваць у цяперашняй Канстытуцыі, па словах Сініцына, — гэта адсутнасць абмежаванняў па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі