Экс-намеснік міністра культуры будзе кіраваць тэатрам
Новым дырэктарам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі стаў Уладзімір Карачэўскі.
Як паведамляе interfax.by, прадстаўленне Карачэўскага калектыву тэатра адбылося ў сераду, 7 мая. У гэты ж дзень ён правёў першую планёрку ў новай якасці. Да нядаўняга часу Уладзімір Карачэўскі займаў пасаду першага намесніка міністра культуры.
Ранейшы дырэктар тэатра Ігар Сігаў завяршыў сваю працу на кіруючай пасадзе сёлета ў сакавіку — у яго скончыўся тэрмін кантракту. Калектыў тэатра паспрабаваў адстаяць свайго кіраўніка і пісаў лісты ў вышэйшыя інстанцыі. Аднак да актораў не прыслухаліся.
Новы дырэктар тэатра пакуль не паведаміў, якія першыя крокі плануе зрабіць. Пакуль што ён бліжэй знаёміцца з калектывам і праблемамі тэатра.
Фота — interfax.by